«Папа падзякаваў усім, асабліва моладзі, за ўдзел у Імшы, і заахвоціў іх не даць скрасці ў сябе надзею», — распавёў кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі пра візіт Святога Айца ў рымскую калонію для непаўналетніх, дзе ў Вялікі чацвер Пантыфік цэлебраваў Імшу Вячэры Пана. У літургіі ўдзельнічала каля 150 чалавек.
Святар паведаміў, што падчас візіту Папа, акрамя таго, што абмыў маладым вязням ногі, пацалаваў іх і паціснуў ім рукі, «даючы маленькі пасхальны дар».
Ксёндз Ламбардзі дадаў, што Пантыфік хацеў цэлебраваць Імшу ў Вялікі чацвер у месцы, асабліва звязаным з міласэрнасцю, спаўненнем любові і служэння, і менавіта таму вырашыў прыбыць у рымскую калонію.
Вельмі добрым, па словах святара, было тое, што сярод тых, каму Папа абмыў ногі, былі мусульмане і дзяўчаты. Кіраўнік Прэс-службы падкрэсліў, што моладзь калоніі выглядала ўзрушанай. Таксама маладыя вязні сталі першымі, каму папа Францішак асабіста ўдзяліў у сваім Пантыфікаце святую Камунію.
(AG)
|