Папа падчас Крыжовага шляху ў Калізеі: гэтай ноччу павінна застацца адно слова, якім ёсць крыж | Друк |
Святы Айцец
30.03.2013 01:00

«Гэтай ноччу павінна застацца адно слова, якім ёсць сам крыж. Крыж Езуса — гэта слова, якім Бог адказаў на зло свету», — сказаў папа Францішак падчас набажэнства Крыжовага шляху ў рымскім Калізеі ў Вялікую пятніцу, 29 сакавіка.

Святы Айцец падзякаваў усім удзельнікам набажэнства, а таксама тым, хто глядзеў яго па тэлебачанні, асабліва хворым і пажылым людзям.

«Часамі нам здаецца, што Бог не адказвае на зло, што Ён маўчыць, — адзначыў Пантыфік. — Але ж на самой справе Бог прамовіў, адказаў, і Яго адказ — крыж Хрыста: слова, якое ёсць любоўю, міласэрнасцю, прабачэннем. Калі я прымаю Яго любоў, я збаўлены, калі адвяргаю яе — асуджаны, але не Ім, а самім сабой, бо Бог не асуджае».

«Слова Крыжа — гэта і адказ хрысціян на зло, якое надалей дзеецца ў нас і вакол нас, — працягваў Папа. — Хрысціяне на зло павінны адказваць дабром, беручы на сябе крыж, як Езус».

Пантыфік падзякаваў вернікам з Лівана за разважанні да гэтага Крыжовага шляху і за іх сведчанне. «Мы бачылі гэтае сведчанне, калі папа Бэнэдыкт наведаў Ліван, бачылі прыгажосць і моц супольнасці хрысціян на гэтай зямлі», — сказаў Святы Айцец.

«Будзем працягваць Крыжовы шлях кожны дзень. Будзем разам ісці дарогай крыжа, несучы ў сэрцы гэтае слова любові і прабачэння», — заахвоціў вернікаў Папа.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by