Святы Айцец выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю Маргарэт Тэтчэр | Друк |
Святы Айцец
09.04.2013 11:33

Святы Айцец Францішак выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю былога брытанскага прэм’ер-міністра Маргарэт Тэтчэр. У тэлеграме, скіраванай 8 красавіка на імя кіраўніка ўраду Дэвіда Кэмерана, Папа з удзячнасцю адзначыў імкненне спачылай кіравацца хрысціянскімі каштоўнасцямі ў дзяржаўнай службе і «распаўсюджванні свабоды ў сям’і народаў».

Як паведамляе Ватыканскае радыё, Пантыфік давярае душу спачылай Божай міласэрнасці і запэўнівае яе сям’ю і брытанскі народ у сваёй малітоўнай памяці. Аб гэтым гаворыцца ў спачувальнай тэлеграме, падпісанай Дзяржсакратаром Яго Святасці кардыналам Тарчызіо Бэртонэ.

Маргарэт Тэтчэр памерла 8 красавіка ва ўзросце 87 гадоў. Яна займала пасаду прэм’ер-міністра з 1979 па 1990 год і была першай і пакуль адзінай жанчынай-прэм’ерам у гісторыі Брытаніі. За цвёрды характар яе называлі «жалезнай ледзі». У 2002 г. яна перажыла некалькі сардэчных прыступаў.

(AG)

 
© 2003-2021 Catholic.by