Папа прыняў на аўдыенцыі Генеральнага сакратара ААН | Друк |
Святы Айцец
09.04.2013 14:55

9 красавіка папа Францішак прыняў на аўдыенцыі Генеральнага сакратара ААН Пан Гі Муна. Падчас сустрэчы карэйскі палітык падкрэсліў, што Аб’яднаныя Нацыі і Апостальская Сталіца маюць супольныя ідэі і мэты.

Пан Гі Мун прыбыў у Ватыкан разам з жонкай і дэлегацыяй з 12 чалавек. Генеральны сакратар ААН адзначыў, што для яго вялікі гонар сустрэцца з Папам у пачатку яго Пантыфікату, і назваў вельмі важным гэты свой візіт да «духоўнага лідара свету».

Як адзначае Прэс-служба Апостальскай Сталіцы, сустрэчы, падчас якіх Пантыфік прымае кіраўніка ААН, сталі ўжо традыцыйнымі. Яны падкрэсліваюць ролю Святога Пасаду ў дасягненні мэтаў ААН у справе захавання міру ва ўсім свеце, клопаце пра агульнае дабро чалавецтва і абароне асноўных правоў чалавека.

Падчас размоў былі абмеркаваны тэмы, якія прадстаўляюць агульны інтарэс, у прыватнасці, сітуацыі, звязаныя з канфліктамі і гуманітарным крызісам, асабліва ў Сірыі, на Карэйскім паўвостраве і на афрыканскім кантыненце, дзе мір і стабільнасць знаходзяцца пад пагрозай. Размова ішла таксама пра праблемы гандлю людзьмі, асабліва жанчынамі, у першую чаргу з ліку бежанцаў і мігрантаў.

Генеральны сакратар ААН, які нядаўна пачаў другі тэрмін на гэтай пасадзе, прадставіў сваю пяцігадовую праграму, засяродзіўшыся, у прыватнасці, на прадухіленні канфліктаў, міжнароднай салідарнасці і справядлівага і ўстойлівага эканамічнага развіцця.

Як інфармуе Ватыканскае радыё, папа Францішак са свайго боку нагадаў пра ўклад Каталіцкага Касцёла, адпаведна яго ідэнтычнасці і сродкам, у абарону чалавечай годнасці і развіццё культуры сустрэчы, што адпавядае таксама высокай мэце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

У мінулы раз Пан Гі Мун наведаў Апостальскую Сталіцу 18 красавіка 2007 г. Праз год з ім сустракаўся Бэнэдыкт XVI падчас свайго візіту ў сядзібу ААН у Нью-Ёрку (ЗША).

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by