Папа заахвоціў італьянскіх біскупаў клапаціцца пра моладзь, сем’і і беспрацоўных | Друк |
Святы Айцец
04.05.2013 13:56

3 мая папа Францішак сустрэўся з біскупамі італьянскага рэгіёну Марке, якія знаходзяцца ў Рыме з візітам «Ad Limina Apostolorum». Як паведаміў арцыбіскуп Анконы-Азіма Эдоардо Мэнікэлі, Пантыфік падчас аўдыенцыі ўказаў ім накірункі душпастырскай дзейнасці, заахвоціўшы праяўляць большы клопат да моладзі, сям’і і беспрацоўных.

Па словах іерарха, якія прыводзіць Ватыканскае радыё, галоўныя тэмы, якія біскупы абмеркавалі з Папам, датычыліся асабліва моладзі, да якой яны павінны занесці хрысціянскае пасланне, каб маладыя людзі адкрыліся на місійнае вымярэнне Касцёла і шукалі духоўнай фармацыі.

Акрамя таго, Папа падкрэсліў важнасць душпастырскай дзейнасці, якую іерархі павінны весці сярод сем’яў і беспрацоўных.

Арцыбіскуп Мэнікэлі адзначыў, што Касцёл у рэгіёне Марке ў сваёй душпастырскай дзейнасці надае вялікую ўвагу людзям, якія страцілі працу.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by