12 мая папа Францішак кананізуе 800 мучанікаў з Італіі | Друк |
Святы Айцец
10.05.2013 12:46

12 мая на плошчы Св. Пятра ў Ватыкане папа Францішак здзейсніць кананізацыю 800 мучанікаў з Атранта (Італія), якія аддалі жыццё за веру ў канцы XV стагоддзя. Таксама Пантыфік абвесціць святымі дзвюх заснавальніц законных супольнасцяў з Лацінскай Амерыкі: калумбійку Лауру ад св. Кацярыны Сіенскай і мексіканку Марыю Гвадалупэ. Гэта першая кананізацыя, якую правядзе папа Францішак.

800 мучанікаў — мужчыны ад 15 гадоў — у 1480 г. прынялі смерць ад рук турэцкіх захопнікаў у Атранта, адмовіўшыся перайсці ў іслам. Ад імя ўсёй групы Антоніо Прымальда заявіў, што яны згодныя памерці, але не адрачыся ад сваёй веры. У 1980 г., у 500-годдзе гэтай мучаніцкай смерці, Атранта наведаў папа Ян Павел ІІ. У 2007 г. папа Бэнэдыкт XVI зацвердзіў дэкрэт аб мучаніцтве, якое гэтыя свецкія вернікі прынялі за Хрыста, а 11 лютага 2012 г. прызначыў іх кананізацыю на 12 мая.

У гэты дзень будуць кананізаваны таксама дзве благаслаўлёныя, якія жылі на рубяжы XIX i XX стагоддзяў, — Лаура ад святой Кацярыны Сіенскай, заснавальніца Таварыства Сясцёр Місіянерак Беззаганнай Панны Марыі і св. Кацярыны Сіенскай, і Марыя Гвадалупэ, адна з заснавальніц Таварыства Служабнічак святой Маргарыты Марыі і ўбогіх.

(AG)  

 
© 2003-2024 Catholic.by