Папа: у сучасным свеце большасць людзей жыве ў штодзённай няўпэўненасці | Друк |
Святы Айцец
16.05.2013 13:23

Адказваць на сучасныя выклікі «з рашучасцю і дальнабачнасцю» заахвоціў папа Францішак чатырох новых паслоў пры Апостальскай Сталіцы, з якімі сустрэўся 16 мая. Пантыфік прыняў у дыпламатаў з Кыргызстана, Антыгуа і Барбуды, Люксембурга і Бастваны даверчыя граматы.

Гаворачы пра міжнародную сітуацыю, Святы Айцец адзначыў шматлікія «пазітыўныя вынікі, якія спрыяюць сапраўднаму развіццю чалавецтва, напрыклад, у сферы аховы здароўя, адукацыі і камунікацыі», але адначасова заўважыў, што большая частка людзей працягвае жыць «у штодзённай няўпэўненасці са згубнымі наступствамі». «Некаторыя паталогіі пашыраюцца і нясуць псіхалагічныя наступствы, страх і адчай ахопліваюць сэрцы людзей нават у так званых багатых краінах, радасць жыцця знікае, павялічваюцца варожасць і насілле, а беднасць становіцца ўсё больш відавочнай. Трэба змагацца, каб жыць, і часта жыць без годнасці» — сказаў Папа, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё.

Паводле Святога Айца, адной з прычын такой сітуацыі з’яўляюцца адносіны да грошай і дазвол на іх панаванне над чалавекам і грамадствамі. «Фінансавы крызіс, які мы перажываем, імкнецца прымусіць нас забыцца аб сваім паходжанні, якое заключаецца ў глыбокім антрапалагічным крызісе. У адмаўленні першаснай ролі чалавека! Мы стварылі новых ідалаў. Пакланенне старажытнаму залатому цяляці набыло новую і бязлітасную форму фетышызму грошай і дыктатуры эканомікі без аблічча і сапраўдных чалавечых мэтаў», — адзначыў Пантыфік.

Па словах Папы, фінансавы крызіс паказаў, што сучасны чалавек зведзены выключна да адной са сваіх патрэбаў: спажывання. У гэтым кантэксце «салідарнасць, якая з’яўляецца скарбам бедных, часта лічыцца непрадуктыўнай, супрацьлеглай фінансавай і эканамічнай рацыянальнасці», а ў той час, як прыбытак меншасці расце — большасць людзей бяднеюць.

Гэтая нераўнавага «паходзіць ад ідэалогій, якія спрыяюць абсалютнай аўтаноміі рынкаў і фінансавай спекуляцыі, адмаўляючы права на кантроль з боку дзяржавы, заданне якой — клапаціцца аб супольным дабры». Устанаўліваецца «новая нябачная тыранія, часам віртуальная, якая аднабока і без магчымых перашкод навязвае свае законы і правілы».

Святы Айцец адзначыў, што пазыкі і крэдыты аддаляюць краіны ад іх рэальнай эканомікі і грамадзян, а да гэтага дадаецца «паўзучая карупцыя» і «эгаістычнае ўхіленне ад падаткаў», што набыло «глабальнае вымярэнне». Жаданне ўлады і валодання «стала бязмежным», і за гэтымі тэндэнцыямі стаіць адмаўленне этыкі і Бога.

Звяртаючыся да дыпламатаў, Пантыфік заклікаў іх спрыяць адказу на гэтыя выклікі «з рашучасцю і дальнабачнасцю». «Папа любіць усіх, багатых і бедных, але Папа мае абавязак у імя Хрыста нагадваць багатым, што павінны дапамагаць бедным, паважаць іх і дапамагаць. Папа заклікае да бескарыснай салідарнасці і вяртання да этыкі на карысць чалавека ў фінансавай і эканамічнай рэальнасцях», — сказаў Святы Айцец.

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by