Пантыфік да супрацоўнікаў Папскіх місійных ініцыятыў: мы інструменты Божай міласэрнасці і любові | Друк |
Святы Айцец
17.05.2013 14:52

Справа евангелізацыі з’яўляецца фундаментам кожнай касцёльнай ініцыятывы, — звярнуў увагу папа Францішак. 17 мая Пантыфік сустрэўся з супрацоўнікамі Папскіх місійных ініцыятыў.

Як паведамляе Ватыканскае радыё, Святы Айцец нагадаў сабраным аб іх галоўнай задачы — несці Евангелле людзям, «якія яшчэ не пазналі і не сустрэлі Хрыста, і тэрмінова знайсці новыя формы і новыя шляхі, каб даць магчымасць Божай ласцы крануць сэрца кожнага мужчыны і кожнай жанчыны». Евангелізацыя — гэта, па словах Папы, «цяжкая задача», «усе мы адчуваем нашу беднасць, нашу слабасць», але мужнасці нам дадае ўсведамленне таго, што «сіла евангелізацыі зыходзіць ад Бога, належыць Яму», а мы — «інструменты Божай міласэрнасці, Яго пяшчоты, любові да кожнага мужчыны і кожнай жанчыны, асабліва да бедных, выключаных, далёкіх».

Пантыфік перасцярог кіраўнікоў Папскіх місійных ініцыятыў ад спакусы, якой паддаліся некаторыя супольнасці, засяродзіцца выключна на сабе, турбавацца толькі аб сваіх уласных праблемах. Папа заахвоціў іх звяртаць асаблівую ўвагу на «маладыя Касцёлы», якія «часта працуюць ва ўмовах складанасцяў, дыскрымінацыі і пераследу». Менавіта такім супольнасцям, на думку Святога Айца, патрэбна падтрымка і дапамога «евангельскімі словамі і справамі».

Пантыфік запрасіў місіянераў не баяцца ўзяць на сябе «частку адказнасці за ўніверсальную місію Касцёла». Папа нагадаў словы Паўла VI, што сённяшні свет спрабуе, «часам з болем, часам з надзеяй, прыняць Добрую Навіну не ад евангелізатараў прыгнечаных, расчараваных, нецярплівых ці ўстрывожаных, а ад слуг Евангелля, чыё жыццё асвячаецца запалам, які ўпершыню атрымалі ад Хрыстовай радасці, і таму гатовыя рызыкаваць сваім жыццём, каб Божае Валадарства абвяшчалася, а Касцёл быў прышчэплены ў сэрца свету».

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by