Касцёл не з’яўляецца палітычным рухам ці добра арганізаванаю структураю, гэта не пазаўрадавая арганізацыя, бо калі б ён быў такім — страціў бы сваю натуру, — падкрэсліў папа Францішак падчас малітоўнага чування на плошчы Св. Пятра 18 мая, у вігілію Спаслання Духа Святога. У чуванні прынялі ўдзел прадстаўнікі 150 рухаў і касцёльных супольнасцяў з розных краін свету, у тым ліку з Беларусі.
Падчас сустрэчы Папа адказаў на пытанні, якія датычыліся евангелізацыйнай дзейнасці Касцёла, яго ўбоства і пераследу хрысціян. «Мы з’яўляемся сапраўднымі евангелізатарамі не тады, калі самі апрацоўваем стратэгіі дзейнасці, але тады, калі дазваляем Езусу, каб узяў нас за руку і кіраваў намі», — адзначыў Пантыфік і дадаў, што дзейнасць без малітвы не мае ніякага сэнсу.
Папа Францішак падкрэсліў, што ўбоства не з’яўляецца ідэалагічнай, але тэалагічнай катэгорыяй, якая паказвае на ўбоства Цела Хрыста. Па словах Святога Айца, «цяперашні крызіс нішчыць чалавека і робіць шмат зла для ўсяго чалавецтва», людзі стаюцца менш важнымі за рэчы, якія даюць прыбытак тым, хто мае палітычную, фінансавую і эканамічную ўладу. «Мы дайшлі да таго, што забыліся пра годнасць чалавечай асобы і працы, і гэта з’яўляецца сучасным крызісам», — сказаў Папа, дадаўшы, што цывілізацыя страціла над сабой кантроль і замест спрыяння таму, каб чалавек быў шчаслівы, пануе культура адмовы: таго, хто нас не задавальняе, мы адкідаем.
Пантыфік нагадаў, што сёння ў свеце больш мучанікаў за веру, чым было ў першыя гады хрысціянства. «Мучаніцтва — гэта не параза, гэта вышэйшая форма сведчання. Ці молімся мы за тых, хто церпіць і якіх пераследуюць?» — запытаўся Папа і адзначыў, што кожны чалавек павінен быць свабодным у вызнаванні сваёй веры, бо з’яўляецца Божым дзіцём.
Як паведамляе Ватыканскае радыё, падчас мерапрыемства асабістым досведам сустрэчы з Хрыстом падзяліліся, між іншым, ірландскі пісьменнік і журналіст Джон Вальтэр і пакістанскі ўрач Пол Бхаці, дарадчык прэм’ер-міністра гэтай краіны па пытаннях нацыянальнай гармоніі. Першы расказаў прысутным аб пошуку ў маладосці свабоды, што прывяло яго да алкагалізму. «Дзякуючы сябрам я адкрыў, што задавальнення не даюць дробныя радасці, але адкрыццё Бога, крыніцы асабістай праўды. Пазнанне Хрыста — гэта пазнанне самога сябе», — сказаў Джон Вальтэр. Пол Бхаці расказаў аб глыбокай веры свайго брата Шабхаза, былога міністра па справах меншасці, забітага ісламістамі ў 2011 г. (AG)
|