«Папа Францішак нагадвае, што мы павінны быць побач з беднымі. Відавочна, што з гэтай яго любові не выключаюцца ненароджаныя дзеці», — адзначыў кардынал Рэйманд Бёрк, прэфект Найвышэйшага Трыбуналу Апостальскай Сігнатуры. У размове з агенцтвам CNS іерарх пракаментаваў візіт Пантыфіка ў ватыканскі дом для бедных «Дар Марыі», які адбыўся 21 мая.
Па словах кардынала, якога цытуе польская рэдакцыя Ватыканскага радыё, сёння існуе меркаванне, што тыя, хто абараняе жыццё, не думаюць пра бедных: іх быццам бы клапоціць толькі жыццё дзіцяці, але не яго маці, якая пакутуе. Аднак, падкрэсліў іерарх, гэта няпраўда: «абаронцы жыцця вельмі клапоцяцца аб бедных і дапамагаюць ім».
«Сёння папа Францішак вельмі выразна кажа, што мы павінны быць побач з беднымі. Людзі (…) бачаць, што Пантыфік клапоціцца аб усіх, што яго любоў безумоўная. Але відавочна, што з гэтай любові не выключаюцца ненароджаныя дзеці, якія з’яўляюцца найменшымі і найбольш безабароннымі сярод нашых братоў і сясцёр», — сказаў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы. (AG)
|