Папа да біскупаў Італіі: адкінем любыя формы пыхі, каб пахіліцца над тымі, каго Пан нам даверыў | Друк |
Святы Айцец
24.05.2013 13:33

Быць сапраўднымі пастырамі, якія ідуць побач са сваім статкам, заклікаў папа Францішак італьянскіх біскупаў. 23 мая епіскапат краіны прыняў удзел у малітоўнай сустрэчы са Святым Айцом у базыліцы св. Пятра.

Як інфармуе Ватыканскае радыё, Пантыфік звярнуў увагу іерархаў на іх ідэнтычнасць як пастыраў і на небяспекі, з якімі звязана іх служэнне. Папа падкрэсліў, што свабода часта абумоўлена «тысячамі знешніх і ўнутраных умоў», якія часам выклікаюць «пачуццё пакінутасці, фрустрацыі і нявер’я». Але, па словах Святога Айца, трэба быць уважлівымі, бо гэта «не Пан хоча, каб яны ў нас узнікалі», — яны патрэбны сатане, каб ізаляваць нас у горычы, нараканнях і адчаі, звярнуў увагу Святы Айцец.

У сувязі з гэтым Пантыфік заклікаў біскупаў да чування, недахоп якога «робіць пастыра разгубленым (…), неспачувальным, абмяжоўвае яго перспектывай кар’еры, спакушае грашыма і кампрамісам з гэтым светам, робіць лянівым, перамяняючы ў функцыянера, святара, больш заклапочанага сабой, арганізацыяй і структурай, чым сапраўдным дабром Народа Божага».

Папа Францішак дадаў, што для пастыра важна да канца прыняць на сябе адказнасць за статак, быць здольным чуць «маўклівы аповед тых, хто пакутуе, і падтрымліваць на шляху тых, хто баіцца па ім ісці». «Адкінем любыя формы пыхі, каб пахіліцца над тымі, каго Пан даверыў нашаму клопату», — заклікаў Папа і дадаў, што касцёльнае служэнне павінна вымярацца выключна «гатоўнасцю да паслухмянасці, прыніжэння і поўнага дару з сябе».

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by