Папа: гандаль людзьмі — сорам для грамадстваў, якія называюць сябе цывілізаванымі | Друк |
Святы Айцец
24.05.2013 16:09

Гандаль людзьмі — сорам для нашых грамадстваў, якія называюць сябе цывілізаванымі, — адзначыў папа Францішак падчас сустрэчы з членамі ХХ Пленарнай асамблеі Папскай рады пастырства мігрантаў і падарожнікаў. Святы Айцец прыняў іх на аўдыенцыі 24 мая.

У сваім звароце Пантыфік закрануў шэраг праблем, звязаных з вымушанай міграцыяй і эксплуатацыяй людзей, пазбаўленых магчымасці вярнуцца на радзіму. Гаворачы пра гандаль людзьмі, Святы Айцец адзначыў, што «эксплуататары і кліенты ўсіх узроўняў павінны зрабіць сур’ёзны рахунак сумлення перад самімі сабой і Богам». Папа нагадаў, што «ў свеце шмат гаворыцца пра правы, але вельмі часта прыніжаецца чалавечая годнасць».

Як паведамляе Ватыканскае радыё, Пантыфік высока ацаніў намаганні Папскай рады пастырства мігрантаў і падарожнікаў па дапамозе бедным і маргіналізаваным. Паводле Папы, насілле, злоўжыванні, аддаленасць ад сем’яў, няўпэўненасць, якія суправаджаюць лёс бежанцаў, — гэта элементы, «якія дэгуманізуюць, таму павінны натхняць кожнага хрысціяніна і ўсю супольнасць да канкрэтных дзеянняў», перш за ўсё да вяртання людзям надзеі на будучыню.

Пантыфік звярнуўся да кіраўнікоў дзяржаў, заканадаўцаў і ўсёй міжнароднай супольнасці з заклікам прыняць эфектыўныя меры для таго, каб палепшыць якасць жыцця вымушаных мігрантаў. «Гаворка ідзе пра людзей, якія просяць аб салідарнасці і дапамозе, якія маюць патрэбу ў тэрміновым умяшальніцтве, але перш за ўсё ў разуменні і дабрыні. Іх стан не можа пакінуць нас абыякавымі. І мы, як Касцёл, нагадваем, што калі клапоцімся пра раны бежанцаў, бяздомных і ахвяр гандлю людзьмі, рэалізуем запаведзь любові, якую Езус нам пакінуў, калі параўнаў сябе з чужынцам, пакутуючым, з усімі нявіннымі ахвярамі насілля і эксплуатацыі», — сказаў Папа.

Святы Айцец заклікаў вернікаў памятаць, што хрысціянскія супольнасці павінны быць па-сапраўднаму месцамі гасціннасці, слухання і адзінства.

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by