Святы Айцец: сучасны свет забываецца, што вышэй за логіку і рынак стаіць чалавек і яго годнасць | Друк |
Святы Айцец
25.05.2013 14:54

25 мая папа Францішак сустрэўся з членамі фонду «Centesimus Annus Pro Pontifice» з нагоды міжнароднай канферэнцыі, якая праходзіла ў Рыме. Святы Айцец звярнуўся да тэмы сёлетняй сустрэчы фонду, якая запрашае «пераасэнсаваць салідарнасць».

Як паведамляе Ватыканскае радыё, Папа нагадаў, што фонд быў створаны 20 гадоў таму бл. Янам Паўлам II для пашырэння і рэалізацыі каталіцкага сацыяльнага навучання, і за гэтыя гады шмат было зроблена. Па словах Пантыфіка, гэта азначае дзве рэчы: па-першае, аб’яднаць навучанне з сацыяльна-эканамічным развіццём, а па-другое, глыбока асэнсаваць каштоўнасць салідарнасці, якая грунтуецца на Евангеллі. Цяперашні эканамічны і сацыяльны крызіс, як заўважыў Святы Айцец, дадае актуальнасці гэтаму пераасэнсаванню і падкрэслівае праўдзіваць і актуальнасць сацыяльнага навучання Касцёла.

Масы беспрацоўных або часткова занятых і незлічонае мноства галодных сведчаць аб тым, што «нешта не працуе», — падкрэсліў Святы Айцец і дадаў, што беспрацоўе распаўсюджваецца па свеце, як лясны пажар. Па словах Папы, няма нічога горшага за матэрыяльную беднасць, якая звязана з немагчымасцю зарабляць на жыццё і пазбаўляе працу годнасці, таму сёння стаіць пытанне не толькі аб «пераасэнсаванні салідарнасці», але аб «глабальным пераасэнсаванні ўсёй сістэмы», яе рэфармаванні і выпраўленні ў адпаведнасці з асноўнымі правамі чалавека.

Таксама Пантыфік звярнуўся да тэмы крысізу, адзначыўшы, што яго карані ляжаць у антрапалагічным і этычным крызісе, бо ідалы ўлады, прыбытку, грошай, перабольшанага ўзвышэння значэння чалавечай асобы сталі асноўнай нормай і вырашальным крытэрыем арганізацыі. Пры гэтым свет забываецца, што вышэй за адносіны, логіку і рынак стаіць чалавек і яго годнасць, заўважыў папа Францішак. Святы Айцец падзякаваў за працу, якую здзяйсняе фонд «Centesimus Annus Pro Pontifice» для таго, каб свет зразумеў гэта.

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by