Святы Айцец: у Найсвяцейшай Тройцы Бог аб’явіў сябе, ідучы побач з чалавецтвам | Друк |
Святы Айцец
26.05.2013 19:44

26 мая перад малітвай «Анёл Панскі» папа Францішак разважаў аб таямніцы Найсвяцейшай Тройцы. Пантыфік падкрэсліў вызначальны характар веры ў Трыадзінага Бога ў жыцці кожнага католіка і важнасць Яго пастаяннага пазнання і спасцігання.

Як паведамляе Ватыканскае радыё, Святы Айцец папрасіў вернікаў маліцца за яго пастырскае служэнне для Касцёла, якое «мае місію старшынства ва ўніверсальнай любові». «Сёння нядзеля Найсвяцейшай Тройцы, — сказаў Папа. — Святло Вялікадня і Пяцідзясятніцы абнаўляюць у нас кожны год радасць і цуд веры. Мы вызнаём, што Бог не з’яўляецца чымсьці нявызначаным, Бог не з’яўляецца нейкай субстанцыяй, Ён канкрэтны, не абстрактны, Ён мае імя: “Бог ёсць любоў”. Не любоў сентыментальная, эмацыйная, але любоў Айца, які з’яўляецца крыніцай кожнага жыцця, любоў Сына, які памёр на крыжы і ўваскрос, любоў Духа, які абнаўляе чалавека і свет. І думаць, што Бог ёсць любоў, — гэта так цудоўна, гэта вучыць нас любіць, дарыць сябе іншым, як Езус даў нам сябе і ідзе з намі. Гэта той Езус, які ідзе з намі па дарозе жыцця».

«Найсвяцейшая Тройца не з’яўляецца прадуктам чалавечага мыслення, з’яўляецца асобай, у якой Бог аб’явіў сябе, не з вяршыні нейкай кафедры, але ідучы побач з чалавецтвам, — дадаў Пантыфік. — Гэта Езус, што аб’явіў нам Айца і абяцаў Святога Духа. Бог ішоў са сваім народам у гісторыі ізраільцян, і Езус заўсёды ішоў з намі і абяцаў нам Духа, які з’яўляецца агнём, які навучыць нас усяму, што мы не ведаем, які знутры кіруе намі, дае нам добрыя ідэі і добрае натхненне».

Сёння, па словах Папы, «мы славім Бога не за нейкую таямніцу, але за Яго самога, “за Яго велізарную хвалу”, як кажа літургічны гімн», «дзякуем Яму за тое, што Ён ёсць любоў, за тое, што кліча нас увайсці ў абдымкі камуніі з Ім, якой з’яўляецца жыццё вечнае».

«Мы складаем наша праслаўленне ў рукі Панны Марыі, — адзначыў Святы Айцец. — Яна, самая пакорная з усіх істот, дзякуючы Хрысту ўжо дасягнула мэты зямнога падарожжа: яна ўжо ў славе Тройцы. Таму Марыя, наша Маці, Багародзіца, свеціць для нас як знак пэўнай надзеі — з’яўляецца Маці надзеі. На нашым шляху, на нашай дарозе, яна застаецца Маці надзеі».

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by