26 мая пасля малітвы «Анёл Панскі» папа Францішак нагадаў аб постаці кс. Джузэпэ Пулізі, забітага ў 1993 г. мафіяй, які ўчора ў Палерма быў беатыфікаваны. Пантыфік нагадаў, што новы благаслаўлёны прысвяціў сябе асаблівым чынам душпастырству моладзі, і менавіта навучанне дзяцей паводле Евангелля і імкненне выцягнуць іх з апраметнай стала матывам забіцця святара мафіяй.
«На самой жа справе ён выйграў разам з уваскрослым Хрыстом», — падкрэсліў Пантыфік. Святы Айцец прызнаўся, што яго непакоіць лёс многіх людзей і перш за ўсё дзяцей, якія эксплуатуюцца мафіяй і вымушаны рабіць тое, што чыніць іх рабамі, на чале з прастытуцыяй і сацыяльным уціскам.
«Яны не павінны рабіць гэтага! Яны не могуць рабіць нас, братоў, рабамі! — сказаў Папа, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё. — Мы молімся, каб гэтыя мафіозі навярнуліся да Бога, і славім Бога за светлае сведчанне кс. Джузэпэ Пулізі».
Звыш 80 тысяч чалавек 25 мая ўдзельнічалі ва ўрачыстай цырымоніі беатыфікацыі кс. Пулізі ў Палерма на Сіцыліі. «Яго гібель уяўляе сабой найважнейшая сведчанне хрысціянскай веры, духоўнай шчодрасці і высокай грамадзянскай мужнасці, — гаворыцца ў пасланні, з якім да жыхароў Сіцыліі звярнуўся Прэзідэнт Італіі Джорджо Напалітана. — Варварскае забойства кс. Пулізі і яго сумленнае пастырскае служэнне ў нялёгкіх умовах сацыяльнай рэальнасці Сіцыліі застануцца прыкладам для ўсіх тых, хто не мае намеру падпарадкоўвацца дыктату арганізаванай злачыннасці». (AG)
|