Імша і працэсія Божага Цела з Папам: Эўхарыстыя дапамагае нам выйсці з індывідуалізму | Друк |
Святы Айцец
31.05.2013 11:21

30 мая, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, папа Францішак узначаліў літургію перад базылікай св. Яна на Латэране. Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія.

У гаміліі падчас Імшы Пантыфік звярнуў увагу на фрагмент Евангелля, у якім Езус кажа вучням пра людзей, якія былі галодныя: «Вы дайце ім есці». Спачатку Папа патлумачыў, кім з’яўляюцца гэтыя людзі, якія прагнуць ежы. «Людзі ішлі за Ім і слухалі Яго, бо Езус прамаўляў і дзейнічаў новым спосабам, з уладай таго, хто праўдзівы, хто кажа і дзейнічае згоднай з ісцінай, дае надзею, якая паходзіць ад Бога», — адзначыў Святы Айцец.

«Сёння вечарам мы з’яўляемся гэтым евангельскім натоўпам, — дадаў Папа, звяртаючыся да сабраных. — Мы таксама імкнемся наследаваць Езуса, каб слухаць Яго, увайсці ў камунію з Ім у Эўхарыстыі». Пантыфік прапанаваў паразважаць, якім чынам мы ідзём за Езусам: «ісці за Ім азначае пакінуць саміх сябе і ўчыніць наша жыццё не нашай уласнасцю, але дарам для Яго і для іншых людзей».

Папа звярнуў увагу, што вучні прапануюць, каб у натоўпе кожны сам думаў пра сябе, і часта «мы, хрысціяне, таксама паддаемся гэтай спакусе». «Мы не клапоцімся пра патрэбы іншых, адказваючы ім пабожнымі словамі: „Няхай Бог табе дапаможа!“ — адзначыў Святы Айцец. — Аднак рашэнне Хрыста ідзе ў іншым кірунку: „Вы дайце ім есці“».

«Сёння мы таксама сабраліся вакол Панскага стала Эўхарыстычнай Ахвяры, пры якім чарговы раз Ён дае нам сваё Цела, — працягваў Папа. — У слуханні Яго слова, сілкаванні Яго Целам і Крывёю Ён дазваляе нам прайсці ад ананімнасці да камуніі, да быцця супольнасцю. Эўхарыстыя — сакрамэнт паяднання, які робіць так, што мы выходзім з індывідуалізму, каб разам наследаваць Езуса».

Пантыфік патлумачыў таксама, як стала магчымым цудоўнае размнажэнне хлеба, апісанае ў Евангеллі. Словы Хрыста «вы дайце ім есці» азначаюць дзяленне, і «вучні, разгубленыя з-за недахопу сваіх сродкаў, беднасці, падзяляюць хлябы і рыбу, наталяючы голад натоўпу». Гэта, як дадаў Папа, кажа аб тым, што ў Касцёле і ў грамадстве «менавіта праз дзяленне, праз дар, наша жыццё будзе плённым». «Салідарнасць — слова, якое не любіць дух гэтага свету!» — адзначыў Святы Айцец.

«У Эўхарыстыі Пан дазваляе нам ісці Яго шляхам, шляхам служэння, дзялення, ададвання, бо тое нямногае, што мы маем, тое нямногае, чым з’яўляемся, становіцца багаццем, калі мы дзелімся ім, бо моц Бога, моц любові, уваходзіць у нашу беднасць, каб яе перамяніць», — падкрэсліў Папа і прапанаваў вернікам адказаць на пытанне: ці дазваляем мы Хрысту перамяніць нас?

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by