31 мая папа Францішак прыняў на аўдыенцыі старшыню Генеральнай асамблеі ААН 67-га склікання Вука Ерэміча, які сустрэўся таксама з Дзяржсакратаром кардыналам Тарчызіо Бэртонэ. Падчасразмовы былі абмеркаваны пытанні, якія ўяўляюць агульную цікавасць, у прыватнасці, якія датычаць вырашэння міжнародных канфліктаў мірнымі шляхамі, асабліва на Блізкім Усходзе, i гуманітарнай сітуацыі, выкліканай гэтымі канфліктамі.
Як інфармуе Ватыканскае радыё, удзельнікамі сустрэчы падкрэслівалася важнасць міру і павагі правоў этнічных і рэлігійных меншасцяў. Акрамя таго, суразмоўцы засяродзілі ўвагу на праблеме гандлю людзьмі, драмы бежанцаў і эмігрантаў. Была падкрэслена роля, якую ААН павінна адыграць у рэалізацыі праграмы ўстойлівага развіцця, асабліва ў сферы аховы навакольнага асяроддзя і памяншэння розніцы паміж узроўнем жыцця багатых і бедных.
Паводле спецыяльнага паведамлення Прэс-службы Апостальскай Сталіцы, сустрэча пацвердзіла, наколькі Святы Пасад прызнае важную ролю ААН ў пошуку агульнага дабра чалавецтва. Прадстаўнік міжнароднай арганізацыі, са свайго боку, падкрэсліў важнасць укладу Каталіцкага Касцёла ў спрыянне павазе да чалавечай годнасці, міру і культуры сустрэчы, і выказаў надзею, што гэтыя каштоўнасці стануць у цэнтры дыскусій і абмеркаванняў у ААН. (AG)
|