7 чэрвеня Святы Айцец сустрэўся ў Ватыкане з навучэнцамі езуіцкіх школ Італіі і Албаніі. У сустрэчы ўдзельнічалі каля 9 тысяч маладых людзей.
Падчас сустрэчы, як паведамляе Ватыканскае радыё, папа Францішак нагадаў аб гісторыі і місіі св. Ігнацыя Лаёлы, які зразумеў на пэўным этапе, што самай лепшай мадэллю жыцця і найлепшым настаўнікам з’яўляецца Езус. Пантыфік заўважыў, што на пытанне: «Навошта хадзіць у школу?» прагучала б шмат адказаў, але ўсе яны ўпісваліся б у адну формулу — «школа з’яўляецца адным з адукацыйных асяроддзяў, у якім мы вучымся жыць, каб стаць мужчынамі і жанчынамі дарослымі і сталымі, быць у стане ісці па шляху жыцця». Школа, дадаў Папа, вучыць чалавека быць велікадушным, значыць «мець вялікае сэрца, веліч душы, жаданне мець вялікія ідэалы, дасягнуць вялікіх рэчаў у адказ на тое, што Бог патрабуе ад нас, а для гэтага кожны дзень усё рабіць дасканала, усе штодзённыя справы, абавязкі, сустрэчы з людзьмі; кожны дзень рабіць маленькія рэчы з вялікім сэрцам, адкрытым для Бога і для іншых». «Школа пашырае не толькі ваша інтэлектуальнае вымярэнне, але і чалавечае», — адзначыў Святы Айцец, дадаўшы, што асабліва езуіцкія школы робяць усё, каб развіваць чалавечыя цноты: вернасць, павагу, адданасць.
Папа Францішак запрасіў маладых людзей засяродзіцца на дзвюх фундаментальных каштоўнасцях: свабодзе і служэнні. Свабода, падкрэсліў Пантыфік, — гэта не права рабіць усё, што хочаш, атрымліваць вострыя ўражанні: яна заключаецца ў асэнсаванні таго, што мы робім, ацэнцы, што добра і што дрэнна, каб выбіраць заўсёды дабро. Свабода — гэта не баяцца «ісці супраць плыні, нават калі гэта не так проста», дадаў Святы Айцец і заахвоціў юнакоў і дзяўчат быць вольнымі і мужнымі ў сваіх жыццёвых выбарах.
Служэнне — гэта, па словах Пантыфіка, другая вызначальная для хрысціяніна рыса, якая дазваляе не замыкацца ў сабе і сваім уласным свеце, але «быць адкрытым для іншых, асабліва бедных і маючых патрэбу, працаваць, каб палепшыць свет».
Папа Францішак звярнуўся таксама да педагогаў, адзначыўшы: «Выхаванне — гэта не прафесія, а стаўленне, спосаб быцця. Каб выхоўваць, трэба выйсці за межы сябе і быць пасярод моладзі». Святы Айцец запрасіў выхавацеляў сведчыць каштоўнасці сваім жыццём.
Моладзь мела магчымасць задаць Пантыфіку пытанні. Адзін з хлопцаў папрасіў Папу ў некалькіх словах накіраваць яго ў шляху да веры. Святы Айцец адказаў, што «ісці – гэта мастацтва», мастацтва бачыць накірунак, гарызонт, бароцца са стомленасцю, «не баяцца няўдач і ўпадкаў». Папа даў параду тым, хто шукае Бога, ніколі не ісці адным; трэба крочыць разам, перш за ўсё з сябрамі, якія дапамогуць знайсці тое, да чаго імкнёмся. «Нельга жыць без сяброў», — заключыў Пантыфік.
Прагучала пытанне і пра адмову Святога Айца ад папскіх апартаментаў. Папа адзначыў, што гэтае рашэнне паходзіць з яго індывідуальнасці, а таксама заўважыў, што існаванне беднасці ў свеце — «скандальная справа», яе не павінна існаваць, і мы ўсе павінны імкнуцца быць бліжэй да бедных.
Маладыя людзі запыталіся Святога Айца і пра яго погляд на складаную эканамічную сітуацыю ў свеце. На думку Папы, менавіта моладзь павінна спрабаваць пазнаць сапраўднае значэнне сённяшняга крызісу, бо толькі гэта дапаможа выйсці з яго. Гэты крызіс, дадаў Пантыфік, — перш за ўсё крызіс чалавечы, а не эканамічны і фінансавы, гэта крызіс чалавечай асобы. Свет апынуўся ў ім, бо перастаў лічыцца з чалавекам, даверыўся грашам. Сучасная асоба – гэта, па словах Папы, нявольнік грошай, і маладыя хрысціяне павінны дапрамагчы ёй вызваліцца, добра зразумеўшы, што такое крызіс.
На заканчэнне сустрэчы папа Францішак заклікаў юнакоў і дзяўчат нікому і нічому не дазволіць забраць у іх надзею. (AG)
|