Сустрэча Папы з Прэзідэнтам Італіі: няхай Італія будзе гасцінным домам для ўсіх | Друк |
Святы Айцец
08.06.2013 17:59

8 чэрвеня Святы Айцец Францішак сустрэўся з Прэзідэнтам Італіі Джорджо Напалітана, які прыбыў у Ватыкан са сваім першым афіцыйным візітам. Падчас сустрэчы Папа падкрэсліў, што візіт кіраўніка дзяржавы пацвярджае выдатныя адносіны паміж Італіяй і Святым Пасадам і нагадвае вобраз двух пагоркаў — Квірынала, на якім размяшчаецца прэзідэнцкі палац, і Ватыкана, «якія глядзяць адзін на аднаго з павагай і сімпатыяй».

Святы Айцец, між іншым, нагадаў пра пагрозы для рэлігійнай свабоды, якія існуюць у свеце. «У сённяшнім свеце рэлігійная свабода часцей абвяшчаецца, чым рэалізуецца. Яна па-сапраўднаму падвергнута пагрозам рознага тыпу і нярэдка парушаецца, — адзначыў Пантыфік, якога цытуе Ватыканскае радыё. — Цяжкія нападкі на гэтае першаснае права з’яўляюцца прычынай для сур’ёзнага хвалявання і павінны выклікаць адзінадушную рэакцыю краін свету, у выглядзе сцвярджэння, насуперак нападкам, недатыкальнасці годнасці чалавечай асобы».

Перад абліччам крызісу, які перажывае свет, Папа звярнуў увагу на важную ролю католікаў ў палітычнай сферы, а таксама супрацоўніцтва паміж веруючымі і няверуючымі на карысць больш справядлівых грамадстваў.

«Шмат разоў Бэнэдыкт XVI казаў, што сучасны крызіс павінен стаць нагодай для братэрскага абнаўлення чалавечых адносінаў. Таксама і італьянскі народ, з даверам і крэатыўнасцю, натхняючыся сваёй багатай хрысціянскай традыцыяй і прыкладам сваіх святых апекуноў, такіх, як св. Францішак з Асізі ці Кацярына з Сіены, шматлікіх святароў і свецкіх людзей, маўклівым сведчаннем многіх жанчын і мужчын, можа і павінен перамагчы любыя падзелы і ўзрастаць у справядлівасці і супакоі, працягваючы выконваць сваю асаблівую ролю ў еўрапейскім кантэксце і ўсёй сям’і народаў», — сказаў Папа.

Святы Айцец выказаў Прэзідэнту падзяку за візіт і цёплы прыём, які аказалі яму італьянцы пасля абрання на Пасад св. Пятра. «Яны мне дазволілі зноў адчуць сябе дома! Няхай Італія будзе гасцінным домам для ўсіх», — пажадаў Папа.

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by