Святы Айцец пра важнасць вяртання каштоўнасці чалавека | Друк |
Святы Айцец
09.06.2013 14:04

Пра неабходнасць вяртання каштоўнасці чалавечай асобы нагадаў Святы Айцец Францішак у новым запісе ў «Твітэры» 9 чэрвеня. «У „культуры адходаў“ чалавечае жыццё больш не лічыцца першаснай каштоўнасцю, якую трэба паважаць і абараняць», — так гучаць словы Пантыфіка.

Пра сучасную «культуру адходаў» Папа казаў і на агульнай аўдыенцыі 5 чэрвеня, адзначаючы, што сёння людзі «ахвяруюцца ідалам прыбытку і спажывецтва: гэта “культура адходаў”. Калі ламаецца камп’ютар – гэта трагедыя; але беднасць, патрэбы, драмы многіх людзей у рэшце рэшт становяцца нечым нармальным». Святы Айцец падкрэсліваў, што калі ад холаду і голаду паміраюць тысячы дзяцей – гэта сучаснаму свету здаецца нармальным, «не з’яўляецца навіной», але калі на дзесяць пунктаў падае курс на біржы, гэта ўжо трагедыя.

Паводле Папы, «культура адходаў» спрабуе стаць агульнай ментальнасцю, якая «заражае ўсіх» і заключаецца ў тым, што чалавечае жыццё, сам чалавек, не лічыцца больш галоўнай каштоўнасцю, якую трэба паважаць і аб якой клапаціцца.

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by