Дзесяць Божых запаведзяў не з’яўляюцца «абмежаваннем свабоды», але «так» для Любові, каб бараніць чалавека і накіроўваць яго да сапраўднай свабоды, — сказаў папа Францішак вечарам 8 чэрвеня ў відэазвароце да ўдзельнікаў ініцыятывы «Дзесяць плошчаў для дзесяці запаведзяў», якая прайшла ў Мілане (Італія). Сустрэчу арганізаваў рух «Аднаўленне ў Духу Святым» у супрацоўніцтве з Папскай радай па новай евангелізацыі.
Святы Айцец адзначыў, што слова «запаведзь» сёння не ў модзе, бо часта выклікае ў чалавеку штосьці адмоўнае, быццам волю кагосьці, хто чыніць абмежаванні. «Дзесяць Божых запаведзяў паказваюць нам шлях, якім мы павінны ісці, а таксама ўяўляюць сабой свайго роду “этычны кодэкс” для пабудовы справядлівага грамадства», — падкрэсліў Пантыфік.
Паводле Папы, калі ў жыцці адкідваць Бога і на Яго месца ставіць ідалаў — гэта прыводзіць да матэрыяльных і маральных бедстваў. Дзесяць Божых запаведзяў «вучаць нас, як пазбегнуць у нашым жыцці рабства, якое выклікаюць шматлікія ідалы, якіх мы самі ствараем і якіх мы шмат разоў зазналі ў гісторыі і надалей зазнаем».
Па словах Святога Айца, якія прыводзіць Ватыканскае радыё, дзесяць запаведзяў вучаць «жыць з павагай да людзей, перамагаць прагу ўлады, грошай і быць шчырымі і сумленнымі ў нашых адносінах з іншымі», бо «сапраўдная свабода — гэта не эгаізм, нашы сляпыя імкненні»; яна ў тым, што «мы павінны любіць і выбіраць тое, што з’яўляецца добрым у кожнай сітуацыі». (AG)
|