Пантыфік да маладых пілігрымаў: будзьце адкрытымі на сюрпрызы Бога | Друк |
Святы Айцец
09.06.2013 21:00

Пра значэнне пілігрымак сказаў Святы Айцец маладым вернікам, якія позна вечарам 8 чэрвеня ішлі з Мачэраты ў Ларэта (Італія). Гэтую пілігрымку ўжо на працягу 35 гадоў арганізуе рух «Камунія і вызваленне», і сёлета ў ёй прынялі ўдзел 100 тысяч чалавек. Папа Францішак звязаўся з імі па тэлефоне.

Звяртаючыся да моладзі, Пантыфік адзначыў, што пілігрымка — гэта сустрэча з Хрыстом у дарозе. «Яго можна назваць Богам сюрпрызаў, — сказаў Святы Айцец, якога цытуе польская рэдакцыя Ватыканскага радыё. — Будзьце адкрытымі на Яго сюрпрызы. Таксама і для вас падзеі гэтай ночы — знак, што для Бога няма немагчымых рэчаў. Бо як інакш можна растлумачыць той факт, што ў 1978 г. вас было 300, а ў мінулым — ужо 90 тысяч».

«Калі вы адчуваеце сябе змучанымі і да вас прыходзіць спакуса жыць самастойна, без Бога, прыгадайце тое, што я зараз вам скажу: паўтарыце ваша „так“ і памаліцеся, каб кожны з вас мог распазнаць у Яго змучаным целе ўласную чалавечнасць, якая прагне чалавечнасці Хрыста. Толькі яна можа супакоіць прагненне чалавека», — дадаў Папа.

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by