Папа скіраваў аўдыёпасланне да сляпых і людзей са слабым зрокам | Друк |
Святы Айцец
11.06.2013 15:56

11 чэрвеня папа Францішак звярнуўся да сляпых і асобаў з аслабленым зрокам. Пантыфік скіраваў аўдыёпасланне да ўдзельнікаў летніка, арганізаванага ў мястэчку Тырэнія Італьянскім аб’яднаннем сляпых і людзей са слабым зрокам.

«Евангелле кажа нам, што Езус меў асаблівую ўвагу да сляпых. Многіх з іх Ён аздаравіў, разам з іншымі хворымі. Але аздараўленне чалавека, пазбаўленага зроку, мае асаблівае сімвалічнае значэнне: яно прадстаўляе дар веры. Гэта знак, які датычыцца ўсіх, таму што ўсе мы маем патрэбу ў святле веры, каб крочыць па шляху жыцця. Таму хрост, які з’яўляецца першым сакрамэнтам веры, са старажытных часоў называўся таксама “прасвятленнем”», — сказаў Папа, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё.

Святы Айцец дадаў, што просіць Пана аб дары веры для кожнага, хто пакутуе ад праблем са зрокам, і моліцца, каб у іх душах «заўсёды было святло Бога, любові, якое дае сэнс жыццю, асвятляе яго, дае надзею, дазваляе быць добрымі і адкрытымі на нашых братоў».

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by