Сустрэча Папы з архіепіскапам Кентэрберыйскім: падарожнічаць да адзінства, аб’яднаныя ў любові | Друк |
Святы Айцец
14.06.2013 13:53

14 чэрвеня Святы Айцец сустрэўся з архіепіскапам Кентэрберыйскім Джасцінам Уэлбі. Гэта была першая сустрэча папы Францішка і новаабранага кіраўніка Англіканскай Царквы. Папа падзякаваў іерарху за малітву, якую той узнёс за Рымскага Пантыфіка падчас сваёй інаўгурацыі, і выказаў надзею, што яны абодва заўсёды будуць падтрымліваць адзін аднаго ў малітве.

Па словах Пантыфіка, гісторыя адносін паміж Царквой Англіі і Рымскім Касцёлам «доўгая і складаная, не без балючых момантаў», але ў апошнія дзесяцігоддзі былі зроблены значныя крокі «да збліжэння і братэрства». Гэтаму паспрыяў тэалагічны дыялог, праца Міжнароднай англіканска-каталіцкай камісіі, сардэчныя адносіны на ўсіх узроўнях. Як паведамляе Ватыканскае радыё, Папа падзякаваў таксама за разуменне, з якім у Англіканскай Царкве паставіліся да ўстанаўлення Каталіцкім Касцёлам структур для былых англікан.

Святы Айцец адзначыў, што яго сустрэча з архіепіскапам Уэлбі «з’яўляецца магчымасцю нагадаць самім сабе, што пошук адзінства паміж хрысціянамі прадыктаваны не практычнымі меркаваннямі, але воляй самога Хрыста». На думку Папы, сёння патрэбны сумесныя намаганні для сведчання хрысціянскіх каштоўнасцяў у свеце, «які часта ставіць пад сумнеў некаторыя з асноў грамадства, такія, як павага да святасці чалавечага жыцця і важнасць інстытуту сям’і, заснаванай на сужэнстве». Пантыфік дадаў, што трэба разам імкнуцца да «большай сацыяльнай справядлівасці, будаваць эканамічную сістэму, якая знаходзіцца на службе чалавеку і спрыяе агульнаму дабру», даносіць да грамадстваў голас бедных, закладнікаў сучаснай фінансавай мадэлі, і садзейнічаць міру.

«Давайце падарожнічаць па шляху да адзінства, аб’яднаныя па-братэрску ў любові, з Езусам Хрыстом як нашым пастаянным арыенцірам», — запрасіў папа Францішак архіепіскапа Кентэрберыйскага.

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by