Папа скіраваў тэлеграму да ўдзельнікаў кангрэса супраць смяротнага пакарання | Друк |
Святы Айцец
17.06.2013 15:58

Папа Францішак перакананы, што чалавецтва можа эфектыўна супрацьстаяць злачыннасці без выкарыстання смяротнага пакарання. Аб гэтым гаворыцца ў тэлеграме да ўдзельнікаў V Сусветнага кангрэса супраць смяротнага пакарання, які прайшоў у Мадрыдзе (Іспанія).

У форуме, арганізаваным грамадскай асацыяцыяй «Разам супраць смяротнага пакарання», прынялі ўдзел больш за 1,5 тысяч чалавек.

Як паведамляе Ватыканскае радыё, у тэлеграме Святы Айцец адзначыў, што пакаранне смерцю павінна быць заменена на іншае, якое б прадугледжвала шанс для злачынцы задумацца над сваімі правінамі і выправіцца, а нявіннаму падарыла надзею на справядлівасць. «Сёння, як ніколі, неабходны напамін і пацвярджэнне неабходнасці прызнання і паўсюднай пашаны да годнасці чалавечага жыцця і яго непамернай вартасці», — гаворыцца ў тэлеграме за подпісам Дзяржсакратара кардынала Тарчызіо Бэртонэ.

Падкрэсліваецца таксама, што пазіцыя Апостальская Сталіцы па адмене смяротнага пакарання з’яўляецца інтэгральнай часткай абароны жыцця ўсіх людзей.

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by