Папа да прадстаўнікоў Рымскай дыяцэзіі: толькі хрысціяне могуць падарыць сучаснаму свету надзею | Друк |
Святы Айцец
18.06.2013 13:37

17 чэрвеня папа Францішак сустрэўся з прадстаўнікамі Рымскай дыяцэзіі. Падчас сустрэчы, між іншым, Пантыфік назваў хрост «сапраўднай рэвалюцыяй» і адзначыў, што ў гісторыі было шмат рэвалюцыянераў, але ніхто не змог зрабіць рэвалюцыі падобнай да той, якую прынёс Езус.

«Рэвалюцыі ў гісторыі змянялі палітычныя, эканамічныя сістэмы, але ніводная з іх не змяніла сэрца чалавека», — падкрэсліў Папа і дадаў, што сапраўдная рэвалюцыя – тая, якая радыкальна змяняе жыццё, што і здзейсніў Хрыстус праз свой крыж і ўваскрасенне. Хрысціяне, па словах Пантыфіка, з’яўляюцца ўдзельнікамі гэтай рэвалюцыі, таму што ідуць па шляху найбуйнейшай змены ў чалавечай гісторыі.

«Хрысціянін, калі ён сёння не рэвалюцыянер, ён не хрысціянін! Ён павінен быць рэвалюцыянерам праз ласку!» — адзначыў папа Францішак, дадаўшы, што ласку дае Хрыстус, і толькі Ён у стане гэта зрабіць. Гэта, у сваю чаргу, павінна падштурхоўваць кожнага дзяліцца ласкай бескарысліва. І вельмі сумна, заўважыў Святы Айцец, што ў гісторыі некаторыя імкнуліся гандляваць ласкай.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў дыяцэзіяльнага сходу, Папа адзначыў, што сёння многія «жывуць без надзеі», шукаючы шчасця ў алкаголі, наркотыках, азартных гульнях, сіле грошай, сексуальнасці без правілаў. Гэтая безнадзейнасць закранула асабліва маладых людзей, многія з якіх, страціўшы сэнс жыцця, спрабуюць учыніць самагубства. Па словах Пантыфіка, толькі хрысціяне могуць падарыць сучаснаму свету надзею і зрабіць гэта праз сведчанне свайго жыцця, свабоду і радасць. Таму менавіта паслядоўнікі Хрыста павінны быць мужнымі, сутыкаючыся з праблемай сацыяльнага або рэлігійнага крызісу.

Сённяшні свет, падкрэсліў папа Францішак, чакае, што Касцёл адкрыецца на яго, што адчыняцца дзверы супольнасцяў, перш за ўсё парафій. «Я не разумею хрысціянскай супольнасці, зачыненай у межах парафіі», — прызнаўся Святы Айцец, дадаўшы, што такія «стэрыльныя супольнасці» заўсёды бясплённыя, а «евангельская плённасць паходзіць з ласкі Езуса Хрыста, але праз нас, наша прапаведванне, нашу мужнасць і наша цярпенне».

Адзінае, аб чым просіць Езус, – быць прынятым, — нагадаў Папа, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё. Вучні Укрыжаванага, падкрэсліў Пантыфік, не могуць не ісці ў тыя месцы, куды ніхто не жадае ісці з-за страху быць скампраметаваным або асуджаным іншымі, бо там знаходзяцца тыя, хто чакае Божага слова.

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by