Пантыфік да прадстаўнікоў ФАО: неабходна знайсці магчымасць, каб усе людзі маглі карыстацца плёнамі зямлі | Друк |
Святы Айцец
20.06.2013 15:38

20 чэрвеня папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў 38-й канферэнцыі Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО), якая праходзіць у Рыме. У прамове Пантыфік падкрэсліў, што, нягледзячы на павышэнне аб’емаў вытворчасці прадуктаў харчавання, мільёны людзей працягваюць паміраць ад голаду.

«Неабходна знайсці магчымасць, каб усе людзі маглі карыстацца плёнамі зямлі», — сказаў Святы Айцец, дадаўшы, што гэта перш за ўсё з’яўляецца «патрабаваннем справядлівасці, роўнасці і павагі да кожнага чалавека».

Па інфармацыі Ватыканскага радыё, Папа заклікаў да салідарнасці з беднымі, асудзіў фінансавую спекуляцыю, нагадаў аб абавязку памятаць пра чалавека і яго годнасці, што з’яўляецца слупам, на якім павінны трымацца ўсе правілы і структуры. «Неабходна змагацца з вузкімі інтарэсамі і логікай улады меншасці, якая ігнаруе большасць насельніцтва свету, пашырае беднасць, маргіналізацыю, несучы разбуральныя эфекты для грамадстваў», — адзначыў Пантыфік. Па словах Папы, сённяшні крызіс – наступства крызісу каштоўнасцяў.

Святы Айцец звярнуў увагу, што харчовыя праблемы ў першую чаргу ўдараюць па сем’ям, якія жывуць у сельскагаспадарчых рэгіёнах. Папа заклікаў умацоўваць свядомасць, што сям’я – прынцыповае месца для росту кожнага чалавека, для выхавання і развіцця, калі яна натхняецца любоўю, салідарнасцю паміж пакаленнямі і ўзаемным даверам. Гэта «элементы, здольныя зрабіць менш цяжкімі самыя негатыўныя сітуацыі і весці да сапраўднага братэрства ўсё чалавецтва, дазваляючы яму адчуць сябе адзінай сям’ёй, у якой увага вялікіх скіравана на самых слабых».

Папа заахвоціў членаў ФАО дзякуючы дыялогу з рознымі краінамі спрыяць культуры сустрэчы і салідарнасці.

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by