Будзьце пастырамі і шукайце дабра ўсіх: Святы Айцец сустрэўся з папскімі дыпламатычнымі прадстаўнікамі з розных краін | Друк |
Святы Айцец
21.06.2013 12:55

21 чэрвеня Святы Айцец Францішак прыняў на аўдыенцыі каля 150 папскіх дыпламатычных прадстаўнікоў, якія працуюць у розных краінах свету. У сустрэчы з Папам удзельнічаў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Як інфармуе Ватыканскае радыё, звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, Папа адзначыў, што не хоча «казаць выключна фармальных словаў ці якія прынята казаць», але тыя, якія ляжаць у яго на сэрцы. Святы Айцец звярнуў увагу на вандроўны характар жыцця папскіх прадстаўнікоў. «Вы заўсёды з чамаданам у руках», — пажартаваў Пантыфік і дадаў, што адсюль паходзяць два важныя наступствы: немагчымасць прывязацца да сяброў, рэчаў, месцаў, супольнасцяў, а таксама быццё заўсёды «пілігрымамі на зямлі», якія здалёк бачаць тое, што ім было абяцана, як казаў апостал Павел у Пасланні да Габрэяў.

Святы Айцец заклікаў папскіх дыпламатаў спытаць саміх сябе: «На што я гляджу? Чаго шукаю у жыцці?» «Даброты, перспектывы гэтага свету, прыводзяць да расчаравання, да таго, што ніколі не будзем задаволены; Пан – гэта дабро, якое не расчаруе», — падкрэсліў Пантьыфік і дадаў, што блізкія адносіны з Хрыстом павінны быць «штодзённым пасілкам папскага прадстаўніка».

Святы Айцец нагадаў і пра небяспеку «духоўнай марнасці», якая пагражае таксама людзям Касцёла і заключаецца ў тым, каб ісці за духам гэтага свету, думаючы аб самарэалізацыі, а не аб хвале Божай. Пантыфік заклікаў памятаць, што папскія дыпламаты з’яўляюцца пастырамі, нягледзячы на тое, што не навучаюць асобную частку Божага Народа і не кіруюць лакальнымі Касцёламі. «Таксама ў адносінах з грамадзянскімі ўладамі і калегамі будзьце пастырамі: заўсёды шукайце дабра, дабра ўсіх, дабра Касцёла і кожнага чалавека», — пажадаў Папа.

Святы Айцец заахвоціў дыпламатаў, больш уважліва падыходзіць да выбару кандыдатаў на атрыманне біскупскай сакры ў краінах, у якіх яны працуюць. «Будзьце ўважлівымі, каб кандыдаты былі пастырамі, блізкімі да людзей, айцамі і братамі, былі пакорнымі, цярплівымі і міласэрнымі; каб любілі беднасць, унутраную, як свабоду для Пана, а таксама знешнюю, як прастату і строгі лад жыцця, каб не мелі псіхалогіі “валадароў”. Будзьце ўважлівымі, каб яны не былі амбіцыёзнымі (...) Каб былі здольнымі “даглядаць” давераны ім статак, клапаціцца пра тое, што трымае яго ў адзінстве; каб “чувалі” над самімі сабой, каб мелі уважлівасць да тых небяспекаў, якія ім пагражаюць; але перш за ўсё каб мелі здольнасць “чуваць” над статкам», — сказаў Пантыфік.

Папа прывёў прыклад св. Юзафа, які чуваў над Марыяй і Езусам, якія яму былі давераны. Паводле Святога Айца, пастыры павінны быць наперадзе статку, каб указваць дарогу, пасярод статку, каб трымаць яго ў адзінстве, і напрыканцы статку, каб хтосьці не застаўся па-за ім, а таксама каб сам статак меў неабходную для пошуку правільнага шляху «інтуіцыю».

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by