Любоў да Хрыста, Касцёла і чалавека – тры фундаментальныя рысы, якія характарызуюць Паўла VI, — адзначыў Святы Айцец Францішак падчас сустрэчы з пілігрымамі з італьянскай дыяцэзіі Брэшыа. 22 чэрвеня каля 5 тысяч вернікаў прыбылі ў Рым з родных мясцін Паўла VI, каб адзначыць 50-ю гадавіну яго абрання на Пасад св. Пятра.
Як паведамляе Ватыканскае радыё, падчас сустрэчы з імі ў ватыканскай базыліцы папа Францішак у прамове нагадаў пра актуальнасць слоў свайго папярэдніка: «Ты нам неабходны, о Хрысце!» «Так, Езус як ніколі патрэбны сучаснаму чалавека, таму што ў “пустынях” секулярызаваных гарадоў Ён кажа пра Бога, адкрывае Яго аблічча», — сказаў Папа і дадаў, што Павел VI адчуваў глыбокае жаданне абвяшчаць Хрыста – «фундамент усяго» і «цэнтр гісторыі і свету». «Ці маем і мы такую любоў да Хрыста? Ці знаходзіцца Ён у цэнтры нашага жыцця? Ці сведчым аб Ім сваімі ўчынкамі штодня?» — спытаў вернікаў Пантыфік.
Святы Айцец нагадаў, што Павел VI хацеў бачыць Касцёл адкрытым і місійным. «Ці сапраўды мы з’яўляемся Касцёлам паяднаным з Хрыстом, здольным выйсці і абвяшчаць Яго ўсім, у першую чаргу тым, каго я называю “экзістэнцыяльнымі перыферыямі”? Мы закрытыя ў саміх сабе, у нашых групах, нашых маленькіх касцёльчыках або любім Касцёл вялікі, Касцёл-Маці, Касцёл, які нас скіроўвае на місіі і дазваляе выйсці па-за свае рамкі?» — задаў пытанне Папа.
Пантыфік нагадаў і пра любоў Паўла VI да людзей, якая была звязана з яго любоўю да Хрыста: менавіта гэта падштурхоўвала яго сустракаць чалавека, паважаць, пазнаваць і служыць яму. Павел VI лічыў Касцёл «слугой чалавецтва», і гэта, паводле папы Францішка, актуальна таксама і сёння. (AG)
|