Папа да «Яўрэйскага камітэта»: чалавецтва мае патрэбу ў нашым супольным сведчанні | Друк |
Святы Айцец
24.06.2013 15:53

24 чэрвеня Святы Айцец сустрэўся з прадстаўнікамі «Яўрэйскага камітэта па міжрэлігійных кансультацыях». У ходзе сустрэчы Папа назваў іх «старэйшымі братамі», «дарагімі хрысціянскай традыцыі», і адзначыў, што ў першыя дні Пантыфікату сустракаўся з «выбітнымі постацямі яўрэйскага свету», аднак сённяшняя сустрэча стала першай магчымасцю пабачыцца з афіцыйнай групай прадстаўнікоў супольнасці.

У сваёй прамове Пантыфік галоўным чынам засяродзіўся на актуальнасці дэкларацыі Другога Ватыканскага Сабору «Nostra Aetate», якая «прадстаўляе фундаментальны пункт для Каталіцкага Касцёла ў адносінах з яўрэйскім народам». Папа адзначыў, што дакумент рашуча асуджае нянавісць і пераслед у адносінах да яўрэйскага народа, а таксама ўсялякія праявы антысемітызму. «З-за нашых супольных каранёў хрысціянін не можа быць антысемітам!» — падкрэсліў Пантыфік, якога цытуе Ватыканскае радыё.

Паводле Святога Айца, фундаментальныя прынцыпы, выказаныя ў гэтай дэкларацыі, паспрыялі лепшаму ўзаемнаму знаёмству і паразуменню, якое было дасягнута паміж яўрэямі і католікамі на працягу апошніх дзесяцігоддзяў. «Гаворка ідзе пра шлях, за які мы павінны шчыра дзякаваць Пану», — адзначыў Папа і дадаў, што быў яго сведкам асабіста. «Падчас майго служэння ў якасці арцыбіскупа Буэнас-Айрэса я меў радасць падтрымліваць шчырае сяброўства з некаторымі прадстаўнікамі яўрэйскага свету. Мы часта абмяркоўвалі нашу падобную рэлігійную ідэнтычнасць, вобраз чалавека, прадстаўлены ў Святым Пісанні, магчымасці спрыяць жывому адчуванню Бога ў свеце, у многіх аспектах секулярызаваным. Але перш за ўсё, як сябры, мы атрымлівалі асалоду ад узаемнай прысутнасці, мы ўзаемна ўзбагачаліся сустрэчамі і дыялогам, узаемнай адкрытасцю, і гэта дапамагло нам узрастаць як людзям і вернікам», — сказаў Пантыфік.

Паводле Святога Айца, такія адносіны і такі дыялог паміж католікамі і яўрэямі існуюць у многіх частках свету. Папа заклікаў працягваць дыялог і ўключаць у яго таксама маладыя пакаленні. «Чалавецтва мае патрэбу ў нашым супольным сведчанні на карысць годнасці мужчыны і жанчыны, створаных на вобраз і падабенства Бога, на карысць міру, — адзначыў Пантыфік. — Гэтым словам — мір, шалом, — я б хацеў завяршыць мой зварот, просячы аб дары вашай малітвы і абяцаючы вам сваю».

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by