Пантыфік да літоўскай моладзі: паказвайце аблічча міласэрнага і любячага Хрыста | Друк |
Святы Айцец
30.06.2013 15:17

«Не бойцеся жыць верай», «адчувайце сябе жывой часткай Касцёла», — заклікаў папа Францішак удзельнікаў «VI Дня літоўскай моладзі», які з 28 па 30 чэрвеня праходзіць у Каўнасе. У спецыяльным пасланні Пантыфік заахвоціў літоўскую моладзь быць сведкамі Хрыста разам са сваімі равеснікамі.

Як паведамляе Ватыканскае радыё, Святы Айцец напісаў, што «Езус любіць маладых людзей такімі, якімі яны ёсць, з іх слабасцямі і ўразлівасцю, і жадае, каб, кранутыя Яго любоўю, яны ўдасканальваліся». «Вы сустрэнеце сяброўства з Ім (...), калі будзеце шукаць Яго са шчырасцю і з даверам», — адзначыў Пантыфік.

Папа нагадаў, што, каб жыць усё больш інтэнсіўна ў хрысціянскай супольнасці, трэба прымаць сакрамэнты, разважаць над Святым Пісаннем і пастаянна маліцца. Пантыфік заклікаў маладых людзей адчуваць сябе «жывой часткай Касцёла і спрыяць евангелізацыі», у аб’яднанні з братамі па веры і ў еднасці са сваімі пастырамі.

«З прастатой і адвагай заўсёды абвяшчайце Хрыста ў сваім штодзённым асяроддзі», паказвайце «аблічча міласэрнага і любячага Хрыста, які прабачае, заахвочвае і дае надзею», усім сваім равеснікам, «заўсёды будзьце паважлівымі да іншых», — адзначыў Папа. Святы Айцец таксама параіў моладзі маліцца Ружанец і звяртацца да Панны Марыі, каб вяла іх «да ўсё больш шчыльнага аб’яднання з Езусам». «Няхай ваш нябесны апякун, святы Казімір, нястомна дапамагае вам у пошуку Хрыста», — пажадаў Пантыфік.

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by