Сем дзён у Бразіліі: стала вядома праграма візіту Пантыфіка на Сусветны Дзень моладзі | | Друк | |
Святы Айцец |
11.07.2013 17:59 |
Візіт Пантыфіка распачнецца 22 ліпеня. Самалёт з першым лацінаамерыканскім Папам прызямліцца ў Рыа ў 16.00. Вечарам таго ж дня запланавана сустрэча Святога Айца з Прэзідэнтам Бразіліі Дзілмай Русеф. На наступны дзень не запланавана ніякіх афіцыйных мерапрыемстваў, таму Папа будзе адпачываць. 24 ліпеня ён наведае месца марыйнай пілігрымкі ў Апарэсіду, з якім яго звязваюць асаблівыя ўспаміны: у 2007-м годзе ён прымаў удзел у Вялікай канферэнцыі лацінаамерыканскага Касцёла. Пасля Імшы ў святыні Папа вернецца ў Рыа, дзе сустрэнецца з хворымі. 25 ліпеня прызначана сустрэча ў мэрыі горада, дзе Папа ў т.л. асвеціць сцягі Алімпійскіх гульняў, якія пройдуць у Рыа ў 2016 годзе. Затым Пантыфік наведае Фавелы — гарадскія трушчобы. Вечарам Папа Францішак прыме ўдзел у цырымоніі вітання моладзі ў Каопакабане. У пятніцу 26 ліпеня Пантыфік будзе спавядаць моладзь у парку горада, пазней сустрэнецца са зняволенымі ў турмах, памоліцца Анёл Панскі і прыме ўдзел у Крыжовым шляху. Днём пазней папа Францішак прыме ўдзел у святой Імшы ў катэдры імя Себасцьяна, сустрэнецца з важнейшымі прадстаўнікамі бразільскага грамадства ў тэатры горада і ўзначаліць вечаровую літургію для ўдзельнікаў Сусветнага дня моладзі. Апошні дзень паездкі — нядзеля, 28 ліпеня. У праграме запланавана заключная Імша Сустрэчы з моладдзю, пасля абеда пройдзе сустрэча з біскупамі Лацінскай Амерыкі, а ўвечары — вяртанне ў Рым. Там Пантыфіка чакаюць не пазней за раніцу панядзелка. Агулам праграма Папы прадугледжвае 15 гамілій, пасланняў або зваротаў. Паводле Нямецкай рэдакцыі Ватыканскага радыё Падрыхтаваў Ілья Лапато OCDS |