Папа заклікаў жыхароў Кастэль Гандольфа жыць у надзеі і быць уважлівымі да тых, хто ў нястачы |
| Друк | |
Святы Айцец
|
14.07.2013 13:08 |
Прабыванне Святога Айца Францішка ў летняй рэзідэнцыі Рымскіх Пантыфікаў у Кастэль Гандольфа 14 ліпеня распачалося сустрэчай з мясцовымі супрацоўнікамі і прадстаўнікамі свецкай улады. На падворку Апостальскага палаца Папу прывіталі мясцовы біскуп Марчэла Сэмерара, дырэктар Папскіх віл Саверыл Петрыла і мэр Кастэль Гандольфа Мільвія Манакэзі.
Як паведамляе Ватыканскае радыё, Пантыфік сказаў, што прыбыў, каб сустрэцца з грамадзянамі горада, пілігрымамі і турыстамі, а таксама хацеў падзякаваць супрацоўнікам Папскіх віл іх сем’ям за каштоўнае служэнне Святому Пасаду. Папа перадаў праз біскупа Сэмерара прывітанне ўсёй супольнасці Кастэль Гандольфа і манаскім супольнасцям, якія жывуць на яго тэрыторыі. Святы Айцец заклікаў вернікаў дыяцэзіі Альбана з радасцю і энтузіязмам абвяшчаць і сведчыць Евангелле.
Папа Францішак падзякаваў мясцоваму палітычнаму кіраўніцтву за шчырае супрацоўніцтва з Касцёлам і папрасіў перадаць сардэчнае прывітанне і абяцанне малітоўнай памяці ўсяму насельніцтву. Пантыфік заклікаў мясцовых жыхароў жыць у надзеі і спакоі і заўсёды быць уважлівымі да людзей, якія адчуваюць нястачу. «Адчыніце дзверы надзеі, каб яна распаўсюджвалася, і нясіце спакой, заўсёды!» — сказаў Святы Айцец.
Папа прызнаўся, што ў гэтым месцы яго «думкі звяртаюцца да благаслаўлёнага Яна Паўла II і Бэнэдыкта XVI, якія любілі праводзіць частку лета ў папскай рэзідэнцыі». Іх сведчанне, дадаў Пантыфік, з’яўляюцца пастаянным заахвочваннем да паўсядзённай вернасці Хрысту і жыцця ў адпаведнасці з патрабаваннямі Евангелля і вучэння Касцёла.
Святы Айцец даверыў супрацоўнікаў Папскіх віл і жыхароў Кастэль Гандольфа заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі і папрасіў аб малітве за яго. (AG)
|