Святы Айцец заклікаў католікаў Ірландыі, Шатландыі, Англіі і Уэльса абараняць жыццё | Друк |
Святы Айцец
17.07.2013 12:48

Папа Францішак заклікаў католікаў Ірландыі, Шатландыі, Англіі і Уэльса абараняць жыццё ад зачацця да натуральнай смерці. Святы Айцец накіраваў пасланне на «Дзень для жыцця», які штогод адзначаецца на Брытанскіх астравах.

Як інфармуе Ватыканскае радыё, Пантыфік падкрэсліў «неацэнную каштоўнасць чалавечага жыцця» і звярнуў увагу, што сёння абароны з боку хрысціян патрабуюць самыя слабыя: хворыя, пажылыя, яшчэ не народжаныя і бедныя. Яны, паводле Папы, з’яўляюцца «шэдэўрамі Божага стварэння, учыненымі паводле Яго вобразу», пакліканымі да вечнага жыцця і таму заслугоўваючымі найвялікшай пашаны і павагі.

Святы Айцец выказаў перакананне, што «Дзень для жыцця» будзе «спрыяць таму, каб чалавечае жыццё заўсёды атрымлівала тую абарону, якой заслугоўвае». Тэма Дня — «Захаваць жыццё. Яно таго вартае» — узята з гаміліі, якую кардынал Берголіа прамовіў у 2005 г. на Імшы ва ўспамін апекуна цяжарных жанчын св. Раймонда Наната, іспанскага манаха ХІІІ стагоддзя, які, паводле падання, быў вынуты з цела маці, якая памерла напярэдадні.

Сёлета акцэнт «Дня для жыцця» пакладзены на ненароджаных дзяцей і іх маці, пажылых людзей, асобаў з суіцыдальнымі намерамі і іх сем’і. Канферэнцыя Біскупаў Англіі і Уэльса і ірландская Канферэнцыя Біскупаў неаднойчы заклікалі грамадства Брытанскіх астравоў спрыяць стварэнню клімату спагады і клопату, каб падтрымліваць жыццё, нават у самых цяжкіх абставінах.

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by