«Бабулі і дзядулі перадаюць у сям'і спадчыну чалавечнасці і веры»: Папа прыняў удзел у малітве «Анёл Панскі» ў Бразіліі | Друк |
Святы Айцец
26.07.2013 20:05

«Я б хацеў, каб мой візіт у Рыа абнавіў ува ўсіх любоў да Хрыста і Касцёла, радасць быць злучанымі з Ім і належаць Касцёлу, а таксама абавязак жыць верай і сведчыць аб ёй», — сказаў Святы Айцец Францішак у разважанні перад малітвай «Анёл Панскі» 26 ліпеня. Папа прыняў удзел у малітве, якая адбылася перад архідыяцэзіяльнай курыяй Рыа-дэ-Жанэйра.

Пантыфік нагадаў, што сёння Касцёл узгадвае бацькоў Панны Марыі — святых Яўхіма і Ганны. Яны, па словах Папы, «з’яўляюцца часткай доўгага ланцугу, які перадаў любоў да Бога Марыі, што прыняла ў сваё ўлонне Сына Божага і падарыла Яго свету».

«Вось яна, каштоўнасць сям’і, — сказаў Святы Айцец, словы якога прыводзіць руская рэдакцыя Ватыканскага радыё. — Я б хацеў падкрэсліць адну рэч: сёння, у свята святых Яўхіма і Ганны, у Бразіліі, як і ў іншых краінах, адзначаецца свята бабуль і дзядуляў. Як важныя яны ў жыцці сям’і, каб перадаваць спадчыну чалавечнасці і веры!»

«У гэты Сусветны дзень моладзі маладыя жадаюць прывітаць бабуль і дзядуляў. Яны вітаюць іх з вялікай любоўю і дзякуюць ім за сведчанне мудрасці», — дадаў Папа.

Пантыфік заклікаў усіх удзельнікаў малітвы «цяпер, на гэтай плошчы, прылягаючых вуліцах і дамах», адчуць сябе «адной вялікай сям’ёй».

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by