27 ліпеня папа Францішак сустрэўся ў гарадскім тэатры Рыа-дэ-Жанэйра з бразільскімі палітыкамі, дыпламатамі, прадстаўнікамі грамадскасці, культуры і буйнейшых рэлігійных супольнасцяў. Пантыфік заклікаў іх берагчы арыгінальнасць культурнай традыцыі Бразіліі, салідарна ствараць будучыню краіны і весці дыялог.
Бразільская культура, як адзначыў Папа, мае ўнікальную здольнасць інтэграваць розныя элементы, для бразільцаў характэрна цэласнае бачанне чалавечай асобы, якое адпавядае Евангеллю. «Клопат пра ўсебаковае развіццё цывілізацыі і культуры сустрэчы і адносін – гэта хрысціянскі спосаб развіцця агульнага дабра, радасці жыцця. І тут зыходзяцца разам вера і розум», — сказаў Святы Айцец, якога цытуе Ватыканскае радыё.
Папа Францішак заклікаў прадстаўнікоў улады да «грамадскай адказнасці», элементам якой з’яўляецца «фарміраванне новых пакаленняў, каб яны маглі добра займацца эканомікай і палітыкай і рашуча абараняць этычныя каштоўнасці». Будучыня, на думку Пантыфіка, патрабуе гуманістычнага бачання эканомікі і палітыкі, без «элітарызму» і галечы. Па словах Папы, палітыкі павінны ставіць мэты і дасягаць іх, каб не выклікаць у людзях «расчаравання, крыўды і абыякавасці».
Акрамя інтэгральнага гуманізму, які паважае самабытнасць культуры, і грамадскай адказнасці, фундаментальнае значэнне мае, як адзначыў Пантыфік, «дыялог паміж пакаленнямі, дыялог з народам, здольнасць даваць і атрымліваць, застаючыся адкрытым да ісціны». На думку Святога Айца, краіна будзе развівацца, калі ў ёй адбываецца дыялог паміж «рознымі культурнымі багаццямі». Свецкасць дзяржавы, як дадаў Папа, спрыяе «мірнаму суіснаванню розных рэлігій» і «шануе прысутнасць рэлігійнага фактару ў грамадстве».
Пантыфік прызнаўся, што, калі лідары ў розных галінах просяць у яго парады, ён заўсёды адказвае аднолькава: патрэбны дыялог, і толькі ён. «Толькі ў гэтым выпадку можа развівацца ўзаемапаразуменне паміж культурамі і рэлігіямі, павага адзін да аднаго, без неабгрунтаваных прэтэнзій, з павагай да правоў кожнай асобы», — сказаў Папа.
(AG)
|