«Бог хоча аб'явіцца менавіта праз нас»: сустрэча Папы з іерархамі ў Бразіліі | Друк |
Святы Айцец
27.07.2013 21:36

27 ліпеня папа Францішак сустрэўся з бразільскімі іерархамі. «Бог хоча аб’явіцца менавіта праз нашы сродкі, бедныя сродкі, таму што Ён заўсёды дзейнічае», — сказаў у звароце да біскупаў Пантыфік і дадаў, што душпастырства павінна ў першую чаргу абапірацца не на багацце рэсурсаў, а на «крэатыўнасць любові».

Як паведамляе Ватыканскае радыё, Святы Айцец пазітыўна ацаніў развіццё Каталіцкага Касцёла ў Бразіліі на працягу апошніх дзесяцігоддзяў, нагадаўшы, што ў часы Першага Ватыканскага Сабору тут было 12 дыяцэзій, а зараз – 275.

Папа заклікаў іерархаў не апускаць рукі перад цяжкасцямі і глядзець у будучыню праз прызму евангельскага апавядання пра сустрэчу Езуса з вучнямі на дарозе ў Эмаўс: калі многія знаходзяцца ў адчаі і адзіноце, Касцёл павінен выйсці ім насустрач і быць здольным весці дыялог. «Я б хацеў, каб мы ўсе спыталі сябе сёння: ці мы яшчэ з’яўляемся Касцёлам, здольным запальваць сэрцы?» — сказаў Пантыфік. Паводле Святога Айца, многія пакінулі Касцёл таму, што ім спрабавалі прапанаваць штосьці, што павінна было падмяніць сабой любоў Хрыста, якая праявілася праз крыжовае прыніжэнне.

Францішак звярнуў увагу на шэраг выклікаў, якія стаяць перад Касцёлам у Бразіліі. Па-першае, Папа адзначыў важнасць чалавечага, культурнага, эмацыянальнага, духоўнага і дактрынальнага выхавання духавенства і заклікаў мець адвагу глыбока пераглядзець сістэму падрыхтоўкі святароў.

Таксама Пантыфік адзначыў важнасць калегіяльнасці і салідарнасці ўнутры епіскапату. Папа заклікаў таксама да пастаяннай місіянерскай дзейнасці і душпастырскага навяртання, актыўнай працы з моладдзю, умацаванню сем’яў і спрыянню актыўнай прысутнасці жанчын у касцёльных супольнасцях. «Губляючы жанчын, Касцёл рызыкуе стаць бясплодным», — заўважыў Святы Айцец.

Папа адзначыў і неабходнасць дзейнасці Касцёла сярод карэнных народаў Бразіліі, якія пражываюць у Амазоніі. На думку Святога Айца, менавіта Касцёл павінен быць абаронцам навакольнага асяроддзя ў гэтым рэгіёне.

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by