Папа Францішак прыняў удзел у малітоўным чуванні, якое прайшло ў ноч з 27 на 28 ліпеня ў межах Сусветнага дня моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра на пляжы Копакабана. Нягледзячы на халоднае і дажджлівае надвор’е, на сустрэчы з Пантыфікам прысутнічала больш за 2 мільёны чалавек.
У сваёй прамове Папа нагадаў гісторыю св. Францішка Асізскага, які пачуў заклік Езуса: «Ідзі і аднаві Мой дом». Паступова святы зразумеў, што гаворка ішла не пра тое, каб стаць звычайным будаўніком і аднавіць дом з каменю, але зрабіць свой унёсак у жыццё Касцёла. «Таксама і сёння Пан працягвае мець патрэбу ў маладых людзей для Касцёла, кліча ісці за Ім у Касцёле і быць місіянерамі», — сказаў Папа, якога цытуе Ватыканскае радыё.
Пантыфік падкрэсліў, што сёння існуе патрэба ў сейбітах Евангелля і Езус жадае, каб сучасны чалавек дазволіў Яго слову пранікнуць у сваё сэрца. «Калі ласка, дазвольце Хрысту і Яго слову ўвайсці ў ваша жыццё!» — заклікаў маладых людзей Папа і запрасіў іх быць сапраўднымі хрысціянамі і не жыць у ілюзіі свабоды, ідучы за модай і папулярнымі меркаваннямі. «Езус – гэта дарога, праўда і жыццё», — дадаў Святы Айцец.
Папа заклікаў моладзь «граць у камандзе Хрыста», бо «Езус прапануе нам нешта большае за Кубак свету» — «дае магчымасць плённага і шчаслівага жыцця, дае бясконцую будучыню з Ім». Таму, па словах Святога Айца, трэба заўсёды «быць у форме», каб без страху сустракаць розныя жыццёвыя сітуацыі, несці сведчанне веры праз дыялог з Езусам, праз удзел у сакрамэнтах, братэрскую любоў, здольнасць слухаць, разумець, прабачаць, прымаць, дапамагаць усім без выключэння.
Паводле Пантыфіка, сэрца маладога хрысціяніна павінна быць добрай глебай, што прымае Божае слова. «Калі намагаемся жыць як хрысціяне, тады бачым, што ніколі не бываем самотнымі – з’яўляемся часткай сям’і братоў, якія ідуць адным шляхам: мы частка Касцёла, больш за тое – становімся будаўнікамі Касцёла і галоўнымі дзеючымі героямі гісторыі», — сказаў Папа. (AG)
|