«Жыццё Езуса – гэта жыццё для іншых, жыццё служэння»: заключная Імша з удзелам Папы ў Бразіліі | Друк |
Святы Айцец
28.07.2013 19:18

«Было цудоўна ўдзельнічаць у Сусветным дні моладзі, перажыць яго разам з маладымі людзьмі з усяго свету, але зараз ты павінен ісці і перадаваць гэты досвед іншым», — сказаў Пантыфік, звяртаючыся нібыта да кожнага з удзельнікаў сусветнага форуму. У заключнай святой Імшы, якую ўзначаліў Папа ў Рыа-дэ-Жанэйра, удзельнічалі больш за 3 мільёны чалавек.

У гаміліі Святы Айцец разважаў над трыма ключавымі словамі паслання Хрыста да вучняў: «ісці», «без страху», «каб служыць». Папа падкрэсліў, што досвед, які маладыя вернікі атрымалі падчас сустрэчы ў Рыа, нельга пакінуць закрытым у сабе або ў рамках маленькай парафіяльнай групы. Гэта, паводле Папы, азначала б перакрыць паветра полымю, якое запалілася ў душы.

Пантыфік нагадаў, што Езус не казаў: «навучайце ўсе народы, калі хочаце ці маеце час», але ясна і рашуча заклікаў да гэтага не залежна ад умоваў. «Дзяленне досведам веры, сведчанне аб ёй, абвяшчэнне Евангелля – гэта заданне, якое Пан даверыў усяму Касцёлу і кожнаму верніку», — звярнуў увагу Святы Айцец, якога цытуе Ватыканскае радыё.

Па словах Папы, Езус глядзіць на вернікаў не як на слугаў, але як на сяброў і заўсёды суправаджае іх у выкананні місіі любові, таму трэба ісці наперад «без страху». Пантыфік нагадаў і пра абяцанне Езуса: «Я буду з вамі ва ўсе дні». «Езус не пакіне нас ў самоце!» — сказаў Пантыфік і заклікаў моладзь, абвяшчаць Евангелле, адчуваючы побач прысутнасць Хрыста, Касцёла і супольнасці святых.

На думку Пантыфіка, у місійнай дзейнасці важна імкнуцца да таго, каб уласнае жыццё станавілася ўсё больш падобным на жыццё Хрыста. «Жыццё Езуса – гэта жыццё для іншых. Гэта жыццё служэння», — сказаў Папа і заклікаў моладзь на падабенства Хрыста сведчыць аб любові Бога і служыць, пахіляючыся і абмываючы ногі братам.

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by