На заканчэнне Сусветнага дня моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра 28 ліпеня папа Францішак сустрэўся з каардынацыйным камітэтам Рады епіскапатаў Лацінскай Амерыкі (CELAM) – структуры, якая аб’ядноўвае епіскапаты гэтага рэгіёна. У прамове Пантыфік закрануў пытанні, актуальныя для Касцёла на ўсіх кантынентах.
Святы Айцец адзначыў, што генеральная асамблея лацінаамерыканскіх епіскапатаў, якая прайшла ў 2007 г. у бразільскай Апарэсідзе, падкрэсліла патрэбу «душпастырскага навяртання». Папа прапанаваў іерархам пытанне: якія прыярытэты зараз мае святарскае служэнне — душпастырскія ці адміністрацыйныя? Пантыфік падкрэсліў, што ў першую чаргу місія Касцёла павінна разумецца як служэнне Божаму народу, а не ўпраўленне арганізацыяй. Святы Айцец спытаў біскупаў, наколькі цэняцца свецкія вернікі ў Касцёле, ці на самой справе ім давяраецца місійная дзейнасць, ці падтрымліваюць і суправаджаюць іх іерархі і святары, не паддаючыся спакусам маніпулявання імі і патрабавання празмернага падпарадкавання з іх боку.
У цэнтры ўвагі Пантыфіка былі таксама адносіны Касцёла са светам. Як інфармуе Ватыканскае радыё, Папа нагадаў, што фундаментам для дыялогу павінны быць «радасці, надзеі, смуткі і трывогі людзей нашага часу, асабліва бедных і пакутуючых», і заклікаў біскупаў быць уважлівымі да новых форм камунікацыі.
Святы Айцец нагадаў аб трох фундаментальных небяспеках, з якімі сустракаецца сёння Касцёл: «ідэалагізацыі евангельскага паслання», «функцыяналізме» – пагоні за эфектыўнасцю, калі Касцёл разумеецца як нейкая недзяржаўная арганізацыя, і «клерыкалізме», які, на думку Папы, сведчыць аб недахопе сталасці і свабоды з боку духавенства.
Пантыфік завяршыў свой зварот заклікам да іерархаў «быць пастырамі, блізкімі да людзей», цярплівымі і міласэрнымі. Паводле Папы, біскупы і святары павінны любіць беднасць, у тым ліку і тую, якая праяўляецца знешне, пазбаўляцца ад «псіхалогіі ўладароў» і нездаровых амбіцый. (AG)
|