Завяршыўся візіт Святога Айца ў Бразілію | Друк |
Святы Айцец
29.07.2013 16:48

28 ліпеня папа Францішак завяршыў візіт у Бразілію на Сусветны дзень моладзі. Падчас цырымоніі развітання Пантыфік падзякаваў усім, асабліва Прэзідэнту краіны Дзілме Русэф, за сардэчны прыём на бразільскай зямлі і прызнаўся, што вернецца ў Рым з сэрцам, напоўненым шчаслівымі ўспамінамі.

«У мяне ўжо пачынаецца настальгія, — сказаў Святы Айцец, якога цытуе Ватыканскае радыё, — настальгія па Бразіліі, па гэтым народзе, настолькі вялікім і з настолькі вялікім сэрцам, па гэтых людзях, настолькі добразычлівых».

Па словах Папы, у яго засталося ўражанне, што Хрыстус жыве і на самой справе прысутнічае ў жыцці незлічоных маладых людзей, якіх ён сустрэў у Рыа-дэ-Жанэйра. Пантыфік выказаў надзею, што многія з іх пасля гэтага форуму стануць сапраўднымі місіянерамі цывілізацыі любові і яшчэ раз заклікаў моладзь дэманстраваць жыццём, што варта імкнуцца да высокіх ідэалаў, садзейнічаць годнасці кожнага чалавека, і зрабіць стаўку на Хрыста і Яго Евангелле. Святы Айцец запрасіў маладых людзей абвяшчаць Добрую Навіну ў вялікіх і малых гарадах і ва ўсіх месцах свету і заклікаў Маці Божую з Апарэсіды дапамагчы ў гэтым. На заканчэнне Пантыфік папрасіў не забываць маліцца за яго.

Пасля амаль 12-гадзіннага пералёту самалёт з Папам прызямліўся 29 ліпеня раніцай у рымскім аэрапорце «Чампіна».

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by