«Нашы людзі патрабуюць беднасці нашых святароў», — сказаў Святы Айцец Францішак у інтэрв’ю бразільскаму тэлебачанню «TV Globo» на заканчэнне свайго візіту ў Бразілію. Па словах Папы, гэтае перакананне ляжыць у аснове яго рашэння пасяліцца ў ватыканскім Доме св. Марты, а не ў Апостальскім палацы, і выкарыстоўваць сціплыя мадэлі аўтамабіляў. «Я веру, што Бог патрабуе ад нас у гэты момант больш прастаты. Той, якая ідзе знутры і радуе душу», — адзначыў Пантыфік.
Святы Айцец падкрэсліў, што менавіта адсутнасць гэтай прастаты і блізкасці да людзей справакавала адыход многіх лацінаамерыканцаў з Касцёла. «Калі Касцёл, заняты тысячамі рэчаў, грэбуе гэтай блізкасцю і мае зносіны толькі з дакументамі, то ён становіцца як маці, якая размаўляе са сваім сынам толькі з дапамогай лістоў», — сказаў Папа, чые словы прыводзіць Ватыканскае радыё.
Адказваючы на пытанне пра Рымскую курыю, Пантыфік адзначыў, што ў ёй працуе «шмат святых кардыналаў, біскупаў, святароў, законнікаў і свецкіх людзей». Магчыма, дадаў Папа, яны менш заўважальныя, але больш шуму робіць тое дрэва, якое падае, чым тое, якое расце. Рэформа Рымскай курыі — гэта, па словах Святога Айца, справа вельмі сур’ёзная і не хуткая, але Касцёл заўсёды павінен быць рэфармаваным, ён з’яўляецца арганізмам дынамічным і рэагуе на змены жыцця. Папа прызнаўся, што ўжо ёсць «вельмі выразныя» прапановы па рэформе, і ён не збіраецца зыходзіць з гэтага шляху.
Пантыфік выказаўся і наконт пратэстаў у Бразіліі ў час Сусветнага дня моладзі. Святы Айцец сказаў, што не ведае патрабаванняў моладзі, што ўдзельнічала ў пратэстах, але разумее тое, што малады чалавек — заўсёды змагар і бунтар. «Малады чалавек мае энергію бараніць свае ідэалы. Малады чалавек, па сваёй сутнасці, заўсёды нонканфарміст. І гэта вельмі добра! — сказаў Пантыфік. — Гэта агульная рыса ўсіх маладых людзей. Таму, у цэлым, мы павінны пачуць маладых людзей, каб даць ім магчымасць выказаць сябе і гарантаваць, каб імі не маніпулявалі».
На думку Папы, трэба «стымуляваць культуру сустрэчы ва ўсім свеце» і адмаўляцца ад эгаізму. «Калі ёсць дзіця, галоднае, якое не мае доступу да адукацыі, гэта павінна заахвоціць нас да дзеяння», — перакананы Пантыфік, дадаўшы, што не важна, хто гэта зробіць — католікі, пратэстанты, праваслаўныя ці іўдзеі: важна, «каб дзіця атрымала адукацыю і ежу». Святы Айцец адзначыў, што гэта база для паразумення паміж рэлігіямі і дзяржавамі.
«Я думаю, што рэлігіі, розныя рэлігіі, не могуць спаць спакойна, пакуль яшчэ ёсць хоць адно дзіця, якое памірае ад голаду, без адукацыі, ёсць хоць адзін малады ці стары без лячэння», — прызнаўся папа Францішак і дадаў, што няма ніякага сэнсу казаць пра тэалогію, не маючы магчымасці выйсці і дапамагчы іншым, асабліва ў сённяшнім свеце. (AG)
|