Італьянскі тэолаг: Папа па-сапраўднаму любіць моладзь і стаў блізкім да яе | Друк |
Святы Айцец
02.08.2013 12:56

У чым таямніца прыцягальнасці папы Францішка для моладзі? На гэта пытанне адказаў італьянскі тэолаг, арцыбіскуп К’еці-Васта Бруно Фортэ. Паводле іерарха, Папа мае тры рысы, якія прывабліваюць моладзь: яго «сапраўднасць», давер і здольнасць даваць упэўненасць.

Арцыбіскуп Фортэ патлумачыў, што ў першую чаргу Святы Айцец з’яўляецца «аўтэнтычным», самім сабой, і гэта «глыбока адчуваецца». «Ён жыве тым, пра што гаворыць. Яго жэсты і словы не аддзелены адно ад аднаго, а моладзь мае патрэбу ў гэтай сапраўднасці, у кімсьці, хто адразу выклікае давер», — сказаў іерарх у размове з Ватыканскім радыё.

Арцыбіскуп адзначыў таксама, што Папа звяртаецца да юнакоў і дзяўчат з вялікім даверам: верыць у іх і дае ім магчымасць адчуць сваю адказнасць, зразумець, што Хрыстус разлічвае на кожнага.

Нарэшце, іерарх падкрэсліў, што Папа дазваляе моладзі адчуць, што яна не самотная, а побач прысутнічае вялікая незвычайная кампанія — цэлы Касцёл, пілігрымуючы народ, у які ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх моваў і культур. «Мы не адны», — паўтараў Пантыфік, звяртаючыся да ўдзельнікаў Сусветнага дня моладзі ў Рыа.

Арцыбіскуп Фортэ дадаў, што Папа здолеў стаць блізкім да моладзі, не адмаўляючы маральных прынцыпаў навучання Каталіцкага Касцёла. «У гэтым яго сіла! Ён здолеў перадаць цудоўны, высокі і патрабавальны змест Евангелля такім спосабам, які аказаўся для моладзі цалкам праўдзівым і пераканаўчым», — падкрэсліў іерарх. Па словах тэолага, Святы Айцец не імкнецца спадабацца моладзі «любым коштам», але любіць яе і дазваляе ёй адчуць, наколькі. «Калі ты па-сапраўднаму любіш кагосьці і ён адчувае гэта, можаш прасіць яго аб чым заўгодна», — сказаў арцыбіскуп.

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by