2 жніўня папа Францішак скіраваў мусульманам усяго свету пасланне з нагоды завяршэння месяца Рамадан, прысвечанага посту, малітве і міласэрнасці. Як гаворыцца ў пасланні, звычайна з ім звяртаецца Папская рада па міжрэлігійным дыялогу, але сёлета яго вырашыў скіраваць сам Пантыфік як «выраз павагі і сяброўства да ўсіх мусульман».
У пасланні, тэкст якога прыводзіць руская рэдакцыя Ватыканскага радыё, Папа нагадаў, што абраз сабе імя Францішак, імя «святога, які глыбока любіў Бога і ўсіх людзей, за што яго назвалі „ўсеагульным братам“».
«Мне вядома, што ў гэты перыяд для мусульман асабліва важныя пытанні, звязаныя з сям’ёй і грамадствам, і варта адзначыць, што ў кожнай з гэтых сфер існуюць пэўныя паралелі з верай і практыкай хрысціян», — адзначае Пантыфік. Святы Айцец дадае, што ў гэтым годзе хацеў бы паразважаць разам з мусульманамі аб «умацаванні ўзаемнай павагі з дапамогай выхавання».
«Тое, што мы пакліканы паважаць у кожным чалавеку, — гэта перш за ўсё яго жыццё, яго фізічная недатыкальнасць, яго годнасць і правы, што выцякаюць з яе, яго рэпутацыя, яго ўласнасць, этнічная і культурная ідэнтычнасць, яго ідэі і палітычныя ўпадабанні, — падкрэслівае Папа. — Таму мы пакліканы думаць, казаць і пісаць пра іншага з павагай, не толькі ў яго прысутнасці, але заўсёды і ўсюды».
«Мы пакліканы паважаць рэлігію іншага, яго вучэнне, сімвалы і каштоўнасці, — дадае Пантыфік. — Асаблівую павагу трэба праяўляць да рэлігійных кіраўнікоў і месцаў культу. Колькі болю прычыняюць атакі на іх!»
«У тым, што датычыць выхавання мусульманскай і хрысціянскай моладзі, мы павінны вучыць нашых маладых з павагай думаць і казаць пра іншыя рэлігіі і іх паслядоўнікаў, не дапускаючы насмешак або зласлоўя над іх перакананнямі і практыкай», — адзначае Святы Айцец і выказвае надзею, што «ўсе хрысціяне і мусульмане змогуць быць сапраўднымі рухавікамі ўзаемнай павагі і сяброўства, асабліва праз выхаванне». (AG)
|