Святы Айцец звярнуўся з відэапасланнем да сваіх суайчыннікаў, сабраных у санктуарыі св. Каэтана ў Буэнас-Айрэсе. Святы Каэтан з’яўляецца апекуном Аргенціны, і ў яго санктуарыі вернікі сустракаюцца штогод 7 жніўня.
Папа Францішак узгадаў тэму сёлетняга святкавання: «З Езусам і святым Каэтанам ідзём на сустрэчу з найбольш патрабуючымі», і заахвоціў вернікаў не забывацца пра тых, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Пантыфік заклікаў «падаць ім руку», «глядзець на іх з любоўю», «падзяляць іх боль, трывогі і праблемы», а галоўнае — «не глядзець на іх здалёк або дапамагаць ім здалёк».
Па словах Папы, якія прыводзіць Ватыканскае радыё, у гэтым сэнс паслання Хрыста – ісці на сустрэчу з тымі, якія жывуць у нястачы. Святы Айцец запрасіў «глядзець у вочы» тым, каму даём міласціну.
«Езус вучыць нас перш за ўсё сустракацца і, сустракаючыся, дапамагаць», — падкрэсліў Папа і заклікаў фарміраваць «культуру сустрэчы». Паводле Пантыфіка, не трэба баяцца сустракацца з тымі, хто мае патрэбу ў нас, «хто перажывае дрэнныя часы», горшыя за нашы. «Заўсёды ёсць нехта, каму цяпер горш!» — падкрэсліў Святы Айцец і дадаў, што менавіта з гэтым чалавекам хрысціянін павінен сустрэцца.
Пантыфік заахвоціў аргенцінцаў шукаць тых, якія жывуць у нястачы, і не пакідаць іх самотнымі. «Ідзі, каб дапамагчы ім, усё астатняе будзе зроблена Езусам, усё зробіць Святы Дух», — адзначыў Папа, дадаўшы, што «сустрэча памнажае здольнасць любіць».
Галоўную святую Імшу ў гэты дзень на працягу кіравання архідыяцэзіяй Буэнас-Айрэс узначальваў кардынал Берголіа, сённяшні папа Францішак. (AG)
|