Апублікаваны Апостальскі ліст Папы адносна барацьбы з фінансавымі злачынствамі |
| Друк | |
Святы Айцец
|
08.08.2013 14:54 |
8 жніўня быў апублікаваны Апостальскі ліст папы Францішка ў форме «motu proprio» адносна барацьбы з фінансавымі злачынствамі. Працягваючы дзейнасць Бэнэдыкта XVI у сферы барацьбы з незаконнымі аперацыямі ў фінансавай сферы, Пантыфік гэтым дакументам пацвярджае намер Святога Пасаду супрацьстаяць адмыванню грошай, фінансаванню тэрарызму і распаўсюджванню зброі масавага знішчэння.
Папа адзначыў, што жадае «пацвердзіць гатоўнасць Апостальскай Сталіцы карыстацца прынцыпамі і юрыдычнымі прыладамі, распрацаванымі міжнароднай супольнасцю» ў гэтай сферы. Паводле новага дакумента Пантыфіка, усе ведамствы Рымскай Курыі, структуры і супрацоўнікі Апостальскай Сталіцы, некамерцыйныя арганізацыі, якія маюць юрыдычны і кананічны статус і знаходзяцца на тэрыторыі горада-дзяржавы Ватыкан, абавязаны дзейнічаць у адпаведнасці з ватыканскімі законамі ў сферы барацьбы з адмываннем грошай, фінансаваннем тэрарызму, а таксама прытрымлівацца мераў, прынятых супраць суб’ектаў, якія пагражаюць міру і міжнароднай бяспецы.
Дакумент прадугледжвае строгі кантроль за ватыканскімі ўстановамі, звязанымі з фінансавай дзейнасцю. Яго належыць ажыццяўляць Аддзелу фінансавай інфармацыі Апостальскай Сталіцы. Гэтая мера прымаецца па рэкамендацыі камітэта Савета Еўропы па барацьбе з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму «Moneyval».
Як інфармуе Ватыканскае радыё, у Апостальскім лісце гаворыцца таксама пра стварэнне Камітэта фінансавай бяспекі. Мэта гэтай структуры заключаецца ў каардынацыі дзейнасці кампетэнтных органаў Апостальскай Сталіцы і горада-дзяржавы Ватыкан у сферы прадухілення і барацьбы з адмываннем грошай, фінансаваннем тэрарызму і распаўсюджваннем зброі масавага знішчэння. (AG)
|