Папа перадаў прывітанне і запэўніў у малітоўнай блізкасці «Рыцараў Калумба» | Друк |
Святы Айцец
09.08.2013 12:41

Святы Айцец перадаў цёплае прывітанне і запэўніў у малітоўнай блізкасці ўдзельнікаў 131-га з’езду членаў дабрачыннай арганізацыі «Рыцары Калумба» — самай буйной у свеце супольнасці свецкіх вернікаў — які ў гэтыя дні праходзіў у амерыканскім Сан-Антоніо. У сваім пасланні Папа выказаў павагу да ідэалаў веры і братэрства, увасобленых у шматлікіх справах міласэрнасці і евангельскага сведчання гэтай супольнасці.

Як адзначаецца ў пасланні, якое цытуе Ватыканскае радыё, у першыя месяцы свайго Пантыфікату папа Францішак атрымаў вялікую колькасць паведамленняў аб малітоўнай падтрымцы і духоўнай салідарнасці з боку членаў асацыяцыі. Папа быў рады даведацца, што тэма сёлетняга форуму – «Быць абаронцамі Божых дароў» – была ўзята з яго гаміліі на інаўгурацыйнай Імшы, якая прайшла ва ўрачыстасць св. Юзафа. Пантыфік бачыць у гэтым глыбокую сімволіку, бо «Рыцары Калумба», як апякун Святой Сям’і, адзначаюцца сціпласцю, мужнасцю, сумленнасцю і вернасцю ў перадачы дару веры новым пакаленням мужчын-католікаў. У гэтым асноўная мэта асацыяцыі – падтрымка матэрыяльнага і духоўнага дабрабыту працоўных і іх сем’яў, годнасці працы, сацыяльнай справядлівасці і пашырэння місіі Касцёла.

«Рыцары Калумба», па словах Святога Айца, працягваюць адыгрываць выдатную ролю ў тым, каб дапамагаць мужчынам-католікам быць абаронцамі стварэння і Божага плану, упісанага ў прыроду.

Папа, «усведамляючы асаблівую адказнасць, якую свецкія вернікі маюць перад місіяй Касцёла», заклікае кожнага члена гэтай супольнасці «сведчыць аб сапраўднай прыродзе сужэнства і сям’і, святасці і недатыкальнай годнасці чалавечага жыцця, прыгажосці і ісціне чалавечай сексуальнасці». На думку Пантыфіка, гэта важна асабліва сёння, у час хуткіх сацыяльных і культурных перамен.

Святы Айцец падзякаваў «Рыцарам Калумба» за іх грамадскую пазіцыю ў адстойванні права і абавязку вернікаў удзельнічаць у жыцці грамадства і папрасіў кожнага рыцара распаліць праз асабістую малітву, катэхізацыю і справы міласэрнасці, святло веры - Lumen Fidei – «якое пашырае гарызонты і адкрывае сэрцы любові».

Дабрачынная арганізацыя «Рыцары Калумба» была заснавана ў 1882 г. У яе, акрамя мільёнаў свецкіх вернікаў, уваходзяць больш за 100 іерархаў. На працягу мінулага года «Рыцары Калумба» сабралі рэкордную колькасць ахвяраванняў – 167,5 мільёнаў долараў.

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by