Папа да місіянераў: жадаю, каб Святы Дух захаваў вас ад спакусы камфорту | Друк |
Святы Айцец
20.08.2013 13:48
19 жніўня папа Францішак прывітаў удзельнікаў аргентынскага Нацыянальнага місійнага кангрэса, які распачаўся ў горадзе Катамарка на паўночным захадзе краіны.
Як паведамляе «Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё», у форуме прымаюць удзел каля 1000 місіянераў з усёй Аргентыны, біскупы і шматлікія госці з Бразіліі, Венесуэлы, Мексікі, Гватэмалы, Эквадора, Сальвадора, Іспаніі, Італіі і Румыніі.

«Дзякую за працу, якую здзяйсняеце, і за апостальскі запал, які паказваеце», — напісаў у спецыяльным паведамленні Пантыфік. Ён заклікаў місіянераў выходзіць за рамкі ўласных асяродкаў і імкнуцца на «геаграфічныя і экзістэнцыяльныя перыферыі, каб абвяшчаць Езуса і знаёміць з Яго пасланнем».

«Жадаю, каб Дух Святы падарыў вам сілу і адвагу, каб вы маглі дзейнічаць без страху і з мужнасцю, і каб захаваў вас ад спакусы камфорту», — напісаў Святы Айцец.

Папа Францішак запэўніў удзельнікаў кангрэса, што будзе яднацца «з імі ў малітве і Эўхарыстыі».

(LB), паводле be.radiovaticana.va

 
© 2003-2025 Catholic.by