Святы Айцец заклікаў да спынення вайны ў Сірыі | Друк |
Святы Айцец
25.08.2013 16:48

Пасля нядзельнай малітвы «Анёл Панскі» на плошчы св. Пятра 25 жніўня Святы Айцец Францішак у чарговы раз звярнуўся з заклікам да міру ў Сірыі. Папа адзначыў, што «з вялікім болем і нарастаючай заклапочанасцю працягвае назіраць за сітуацыяй» у гэтай краіне.

«Павелічэнне насілля ў вайне паміж братамі, пашырэнне разні і зверскіх актаў, жудасныя выявы якіх мы ўсе ў гэтыя дні маглі бачыць, падштурхоўвае мяне яшчэ раз узняць голас, каб змоўк грукат зброі. Не сутыкненні даюць перспектывы надзеі для вырашэння праблем, а здольнасць сустракацца і весці дыялог», — сказаў Пантыфік, чые словы прыводзіць Ватыканскае радыё.

Святы Айцец выказаў сваю малітоўную блізкасць і салідарнасць усім ахвярам гэтага канфлікту, усім, хто пакутуе, асабліва дзецям, і заклікаў «трымаць заўсёды запаленай надзею на мір».

«Я заклікаю міжнародную супольнасць, каб праявіла большую чуллівасць да трагічнай сітуацыі і скіравала ўсю сваю дзейнасць, каб дапамагчы дарагому сірыйскаму народу знайсці выхад з вайны, якая сее разбурэнні і смерць», — сказаў Папа.

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by