Святы Айцец да моладзі: нясіце ў будучыню жаданне прыгажосці, дабра і праўды | Друк |
Святы Айцец
28.08.2013 19:43

28 жніўня папа Францішак сустрэўся з моладдзю, якая прыбыла ў Рым з італьянскай дыяцэзіі Пьячэнца-Бобіа. Сустрэча паміж Святым Айцом і маладымі пілігрымамі адбылася ў ватыканскай базыліцы св. Пятра, удзел у ёй прынялі каля 500 чалавек.

Звяртаючыся да гасцей, Папа пажартаваў, што прыйшоў на сустрэчу, кіруючыся эгаістычным памкненнем: «Таму што мне самому падабаецца быць тут сярод вас!» — сказаў Святы Айцец, «і гэта эгаізм», дадаў ён. Пантыфік адзначыў, што моладзь мае вялікую адказнасць – быць «рамеснікамі будучыні».

Папа падкрэсліў, што не прымае людзей, якія скардзяцца на эпоху і кажуць, што «нельга нічога зрабіць». «Калі малады чалавек мне кажа: „Ойча, якія благія часы, нічога немагчыма зрабіць”, я адпраўляю яго да псіхіятра», — сказаў Пантыфік.

Паводле Папы, моладзь мае тры віды жаданняў: прыгажосці, дабра і праўды. «І гэтыя тры жаданні, якія маеце ў сэрцы, вы павінны несці наперад, у будучыню, ствараць будучыню з прыгажосцю, дабрынёй і праўдай», — сказаў Святы Айцец, заклікаўшы моладзь быць адважнымі, ісці супраць плыні і не адказваць тым, хто хоча звесці з гэтага шляху, прапанануючы наркотыкі і алкаголь.

Паводле Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by